Новы дэкрэт: Улады змогуць на працягу дня забраць дзіця ў бацькоў
- 6.05.2009, 12:03
Беларускія ўлады атрымалі заканадаўчую магчымасць адабраць дзіця з сям'і ў экстраным парадку ў выпадку рэальнай пагрозы яго жыццю і здароўю - у дзень прыняцця адпаведнага рашэння камісіі па справах непаўнагадовых.
Такая норма прадугледжаная дэкрэтам №5 ад 5 траўня, які ўносіць дадаткі і змены ў дэкрэт №18 (ад 24 лістапада 2006 года), што дазваляе ўладам пазбаўляць дзіця сям'і ў дасудовым парадку, паведамляе АФН.
Акрамя магчымасці экстранага вымання дзяцей з сям'і, улады атрымалі дадатковы набор інструмантаў уздзеяння на бацькоў для пакрыцця апошнімі выдаткаў дзяржавы па ўтрыманні і выхаванні іх дзяцей.
Так, дакументам уведзеная адміністрацыйная адказнасць «нядбайных бацькоў» за ўхіленне ад працаўладкавання па судовай пастанове аб працаўладкаванні (адміністрацыйны арышт з абавязковым прыцягненнем да працы) і адкарэктаваны парадак прыцягнення іх да крымінальнай адказнасці за іншыя вінаватыя дзеянні (бяздзейнасць), якія пацягнулі невыкананне або няпоўнае выкананне штомесячных абавязальніцтваў па пакрыцці выдаткаў па ўтрыманні дзяцей, шляхам увядзення адміністрацыйнай прэюдыцыі для прыцягнення абавязаных асобаў да крымінальнай адказнасці за гэтае злачынства.
Таксама прадугледжанае накіраванне бацькоў, якія пакутуюць на алкагольную залежнасць і сістэматычна дапускаюць парушэнні працоўнай дысцыпліны, у лячэбна-працоўныя прафілакторыі.