З-за сустрэчы Лукашэнкі з Юшчанкам заблакаваны цэнтр Гомеля
- 6.05.2009, 13:40
Каля поўдня ў Гомелі быў цалкам прыпынены рух транспарта па вуліцы Савецкай. Вуліцу не маглі перайсці нават пешаходы. На кожным перакрыжаванні і ў праездах у двары стаяць супрацоўнікі міліцыі.
Закрыты доступ мінакам у гарадскі парк каля Сожа, дзе ў палацы Румянцавых-Паскевічаў праходзяць перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Віктара Юшчанкі.
У 12.30 рух транспарта быў адноўлены - акрамя цэнтральнай плошчы Леніна, якая прымыкае да тэрыторыі парка.
Ахоўнікі дзяжураць і ў скверы каля кінатэатра «Кастрычнік», дзе ўсталяваны помнік украінскаму паэту Тарасу Шаўчэнку. А па перыметры сквера супрацоўнікі камунальных службаў адлоўліваюць бадзяжных сабак, паведаміла «Радыё Свабода».