BE RU EN

АМАП збіваў апазіцыянераў пры затрыманні і проста ў РУУС (Фота)

  • 8.05.2009, 10:08

Удзельнікаў акцыі 7 траўня білі нават за адмову здаць адбіткі пальцаў, хаця фармальна гэтая працэдура добраахвотная.

Як распавёў прэс-цэнтру Хартыі’97 актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Ярмоліч, яго збівалі ў Цэнтральным РУУС Менска за адмову здаць адбіткі пальцаў. «Тады мяне адвялі ў асобны пакой, зачынілі дзверы і ўдарылі па твары і некалькі разоў у жывот. Пасля гэтага я вымушаны быў здаць адбіткі», - распавёў Ярмоліч.

Актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Сергійца амапаўцы збівалі адразу пасля затрымання, у аўтобусе па дарозе ў РУУС. Білі кулакамі і нагамі.

Як паведаміла прэс-цэнтру Хартыі’97 прэс-сакратар «Маладога Фронту» Таццяна Шапутька, якая была затрыманая разам з астатнімі ўдзельнікамі акцыі 7 траўня, у аўтобусе, па дарозе ў аддзяленне міліцыі, супрацоўнік АМАПа ўдарыў актывістку арганізацыі «Малады Фронт» Юлію Міхайлаву па галаве.

Сама Таццяна Шапутька атрымала ад амапаўца ўдар кулаком па твары.

Па словах актывісткі, Міколу Дземідзенку, які, як вядома, трымае галадоўку салідарнасці з палітвязнямі, амапаўцы зацягвалі ў аўтобус поцягам па зямлі, а затым, у аўтобусе, ударылі галавой аб падлогу.

У Цэнтральным РУУС збілі таксама актывістку партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Ірыну Губскую. Як паведамілі прэс-цэнтру Хартыі’97 у самой партыі, дзяўчыну збівалі пры затрыманні і ў самім РУУС.

Актывіста «Маладога Фронту» Арцёма Дубскага у аддзяленні міліцыі паставілі да сценкі з узнятымі рукамі і некалькі разоў ударылі па нырках.

Усіх затрыманых дэманстрантаў знялі на відэа, прымусова зрабілі дактыласкапію, а таксама прымусілі падпісаць паперы, дзе іх папярэджваюць аб незаконнасці ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях.

Нагадаем, што 7 траўня на Кастрычніцкую плошчу Менска вышлі некалькі сотняў чалавек з партрэтамі зніклага 10 гадоў таму былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, а таксама з партрэтамі палітычных зняволеных Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі. Супраць удзельнікаў акцыі памяці выкрадзенага і забітага ў Беларусі генерала Юрыя Захаранкі былі кінутыя супрацоўнікі АМАПа. Перад і пасля акцыі былі збітыя і арыштаваныя дзясяткі апазіцыянераў.

Фота "Еўрарадыё"

Фота "Еўрарадыё"

Амапаўцы ў цывільным спрабуюць арыштаваць актывіста "Еўрапейскай Беларусі" Паўла Юхневіча

Апошнія навіны