BE RU EN

Вязня сумлення Дубскага аштрафавалі за палітычнае графіці

  • 10.06.2009, 14:39

Асіповіцкі суд пакараў актывіста «Маладога фронту» штрафам у памеры 25 базавых велічынь.

Моладзевага актывіста затрымалі 10 мая і абвінавацілі ў тым, што ён зрабіў надпіс «Свабоду Аўтуховічу!» на адміністрацыйным будынку. Справу перадалі на разгляд адміністрацыйнай камісіі Асіповіцкага райвыканкама, паседжанне якога адбылося сёння, паведамляе газета «Наша Ніва».

Сябры камісіі пагадзіліся з абвінавачваннямі супрацоўнікаў міліцыі і пакаралі Арцёма Дубскага штрафам у памеры 875 тысяч беларускіх рублёў.

Нагадаем, што Арцём Дубскі - удзельнік «Працэсу 14-ці». Ён знаходзіўся за кратамі з 13 лютага 2009 года. Дубскага арыштавалі, калі ён прыехаў у Беларусь з Украіны. Моладзеваму актывісту ставілі ў віну парушэнне правілаў адбывання пакарання. 15 красавіка ён быў выпушчаны з Бабруйскага СІЗА пад падпіску аб невыяздзе. У адносінах Арцёма Дубскага дагэтуль узбуджаная крымінальная справа за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў.

Адзначым, што «Справа 14-ці» – справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў адносінах ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.

За ўдзел у гэтай акцыі моладзевы актывіст Андрэй Кім быў прысуджаны судом Цэнтральнага раёна Менска да 1,5 год калоніі (вызвалены ў жніўні 2008 года). Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка быў прысуджаны да абмежавання волі тэрмінам на 1 год без накіравання ў выпраўленчую ўстанову, з 27 кастрычніка да суду 9 снежня 2008 года ён утрымліваўся ў СІЗА. Астатнія ўдзельнікі «Працэсу 14-ці» -- Арцём Дубскі, Аляксей Бондар, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў, Аляксандр Чарнышоў, Тацяна Цішкевіч, Міхаіл Субач і Павел Вінаградаў прысуджаныя да абмежавання волі на 2 гады без накіравання для адбывання пакарання ў спецыяльныя ўстановы. Максім Дашук, як непаўнагадовы, прысуджаны да паўтарох год абмежавання волі.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.

Апошнія навіны