Незаконная прымусовая дактыласкапія набірае абароты
- 11.06.2009, 10:02
Міліцыянты спасыласіся на нейкую пастанову, паводле якой адбіткі пальцаў бяруцца для банка дадзеных.
На Бярозаўскім сыракамбінаце пачалася масавая дактыласкапія працаўнікоў-мужчынаў.
Пакуль што вядома, што толькі адзін з працаўнікоў адмовіўся ад дактыласкапіі, хаця ў яго адрас прагучалі пагрозы, што ўсё роўна яго прымусяць здаць адбіткі пальцаў, паведамляе «Радыё Рацыя».
Па словах юрыста-праваабаронцы Рамана Кісляка, у адпаведнасці з артыкулам 7 Закона «Аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі», абавязковай рэгістрацыі падлягаюць грамадзяне, якія прызываюцца на вайсковую службу, праходзяць службу ў органах унутраных справаў і іншых праваахоўных органах, мытні, супрацоўнікі небяспечных прафесіяў, а таксама асобы, якія стаяць на прафілактычным уліку ў органах унутраных справаў, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства.
Калі дактыласкапію праводзяць у выпадках, не прадугледжаных арт.7, дык яна праводзіцца выключна ў добраахвотным парадку. Прымушаць здаваць адбіткі пальцаў - незаконна.
Нагадаем, што масавую незаконную дактыласкапію мужчынскага насельніцтва Беларусі сталі праводзіць пасля выбуху 4 ліпеня ў Менску. У беларусаў бяруць адбіткі пальцаў пад выглядам запрашэння ў ваенкамат, позвы ў міліцыю. Таксама МУС увесь час праводзіць дактыласкапію непаўнагадовых у сярэдніх спецыяльных навучальных установах.