BE RU EN

Генеральны пракурор спалохаўся жанчынаў

  • 12.06.2009, 12:13

Генеральны пракурор Рыгор Васілевіч адмовіўся сустрэцца з актывісткамі грамадзянскай ініцыятывы «Жанчыны супраць беззаконня ў судах».

11 чэрвеня больш за 20 актывістак ініцыятывы падалі ў Генеральную пракуратуру калектыўную скаргу на дзеянні беларускіх судоў і папрасілі асабістай сустрэчы з Рыгорам Васілевічам.

«У пракуратуры быў прыёмны дзень, і мы таксама прыйшлі на прыём. Чакалі некалькі гадзінаў, але спадар Васілевіч не пажадаў з намі сустрэцца. Між тым, гэта нашае канстытуцыйнае права - скардзіцца і дамагацца праверкі нашых скаргаў. Атрымліваецца, што Рыгор Васілевіч, які сам былы старшыня Канстытуцыйнага суду, гэтага не падзяляе», - паведаміла «Радыё Свабода» Галіна Юбко, адна з актывістак ініцыятывы «Жанчыны супраць беззаконня ў судах». Галіна Юбко таксама дадала, што разам з сяброўкамі яны адправяць звароты ў ААН, Еўразвяз і АБСЕ і заявяць, што «у беларускіх судах немагчыма дамагчыся праўды».

Нагадаем, актывісткі ініцыятывы ўжо некалькі гадоў дамагаюцца перагляду крымінальных справаў сваіх сваякоў, якіх лічаць невінаватымі. Паводле актывістак, пракуратура Беларусі іх скаргі не правярае, а дасылае ім адпіскі.

У Генеральнай пракуратуры паведамілі, што скаргу жанчынаў прыняў да разгляду супрацоўнік аддзела прыёму грамадзянаў Сяргей Яворскі. «Скарга будзе правярацца ў адпаведнасці з законам», - паведамілі ў пракуратуры.

Апошнія навіны