Жадобін: «Расея працягвае наносіць шкоду нашай эканамічнай бяспецы»
- 17.06.2009, 9:08
Увядзенне Беларуссю ўзмоцненага кантролю за перасоўваннем тавараў з'яўляецца сіметрычным адказам на дзеянні расейскага боку.
Пра гэта паведаміў журналістам дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Беларусі Юры Жадобін, перадае БелТА.
"Беларусь вымушаная ўвесці ў хуткім часе ўзмоцнены кантроль за перасоўваннем тавараў на асноўных аўтамабільных магістралях, якія злучаюць нашы краіны. Гэтыя крокі будуць цалкам аналагічныя тым дзеянням, якія ўжо на працягу многіх гадоў практыкуе расейскі бок у асобе органаў Федэральнай мытнай службы", - заявіў Юры Жадобін.
Ён падкрэсліў, што гэтыя меры з'яўляюцца толькі сіметрычным адказам на той мытны кантроль, які ажыццяўляецца з расейскага боку.
Па словах Юрыя Жадобіна, беларускі бок вымушаны са шкадаваннем канстатаваць, што ніякіх зменаў у падыходах расейскіх партнёраў да супрацоўніцтва ў апошнія дні так і не адбылося. "Адсутнічае ўсялякі канструктыўны падыход, накіраваны на ўзаемапрыймальнае рашэнне. Па надуманых падставах працягвае наносіцца шкода нашай эканамічнай бяспецы", - падкрэсліў дзяржсакратар Савета Бяспекі Беларусі.
Ён дадаў, што гэтыя меры ні ў якім выпадку не закрануць інтэрасаў простых грамадзянаў. "Мы прыносім грамадзянам прабачэнне за магчымыя нязручнасці. Лічым, што гэта не нашая віна", - сказаў Юры Жадобін.