BE RU EN

Народнаму пісьменніку Васілю Быкаву сёння споўнілася б 85 гадоў (Вiдэа)

  • 19.06.2009, 9:11

«Чалавек, аднойчы адмовіўшыся ад свабоды, назаўсёды становіцца вязнем», -- казаў пісьменнік.

Васіль Быкаў не стаў падлашчвацца да ўладаў, як гэта зрабіў шмат хто з яго калегаў па пяры. У яго было сваё разуменне незалежнасці ў адрозненне ад Лукашэнкі, рэжым якога Быкаў лічыў антынародным.

Апошнія гады з-за нязгоды з палітыкай Аляксандра Лукашэнкі пісьменнік жыў за мяжой. Спачатку Фінляндыя, затым Нямеччына, потым на асабістае запрашэнне калегі-драматурга і прэзідэнта Гавала ў Чэхіі. Быкаў вярнуўся на Радзіму толькі ў 2003 годзе, за месяц да смерці.

«У несвабодны таталітарны час шмат хто думае, што пайсці на канфармізм, на здзелку з сумленнем — гэта ўсё ненадоўга, гэта ўсё можна потым выправіць — велізарная памылка. Чалавек, аднойчы адмовіўшыся ад свабоды, назаўсёды становіцца вязнем». Гэтыя словы Васіль Уладзіміравіч вымавіў незадоўга да смерці.

http://10.100.2.131:8080/swf/vp.swf?link=http://news.ntv.ru/vi151728/&num=1

Васіль Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. З 1939 па 1940 гады вучыўся на скульптурным аддзяленні Віцебскай мастацкай вучэльні.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў мабілізаваны на абарончыя працы. З лета 1942 года служыў у Чырвонай Арміі, скончыў Саратаўскую пяхотную вучэльню. З 1943 года знаходзіўся на 2-ім і 3-ім Украінскіх франтах. Двойчы паранены, ляжаў у шпіталях.

У 1944 годзе бацькі атрымалі апавяшчэнне, што іх сын загінуў у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі каля Кіраваграда. З дзейснай арміяй Васіль Быкаў прайшоў па Румыніі, Балгарыі, Вугоршчыне, Югаславіі, Аўстрыі. Старэйшы лейтэнант, камандзір узвода палкавой, потым армейскай артылерыі. Служыў на Украіне, у Беларусі, на Далёкім Усходзе.

Дэмабілізаваўся ў 1947 годзе, працаваў у Гародні ў мастацкіх майстэрнях, у рэдакцыі газеты «Гарадзенская праўда». У Менску Васіль Быкаў жыў з 1978 года.

Усё жыццё пісьменнік распавядаў пра праўду Другой сусветнай вайны, якую прайшоў сам, чым развейваў савецкія міфы. З гэтай прычыны ў савецкія часы яго творы не заўсёды праходзілі цэнзуру. Затое тыя, якія друкаваліся, былі перакладзеныя на шматлікія мовы свету. Па некаторых творах Быкава былі знятыя мастацкія фільмы, у тым ліку «Альпійская балада», «Абеліск» і «Знак бяды».

Народны пісьменнік Васіль Быкаў памёр 22 чэрвеня 2003 года. Улады помсцяць Быкаву і пасля смерці. Кнігі Васіля Быкава ў Беларусі не перавыдаюцца, фільмы пра яго жыццё і творчасць – забароненыя.

Апошнія навіны