BE RU EN

Новая акцыя салідарнасці з палітвязнямі ў Менску (Фота)

  • 19.06.2009, 12:27

Чарговая вулічная акцыя салідарнасці з палітвязнямі прайшла каля рынка «Імпульс» у раёне плошчы Якуба Коласа.

Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» сталі ўздоўж тратуара, трымаючы ў руках партрэты Мікалая Аўтуховіча, які ўжо больш за два месяцы трымае галадоўку пратэсту ў СІЗА №1 ГУУС Менгарвыканкама. З дапамогай мегафона менчукам, якія назіралі за акцыяй, распавялі пра палітвязняў і пра сітуацыю з правамі чалавека ў нашай краіне. Міліцыянты, якія з'явіліся ля уваходу ў «Імпульс» праз 20 хвілінаў пасля пачатку мерапрыемства, абмежаваліся тым, што назіралі за яго ўдзельнікамі. Падчас акцыі мінакам раздавалі ўлёткі з інфармацыяй пра палітвязняў.

Лідэры прадпрымальнікаў з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага 2009 года. 18 лютага ім было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). Праваабаронцы лічаць затрыманых палітвязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай грамадскасцю вязнямі сумлення.

Апошнія навіны