BE RU EN

Еўразвяз і беларускі рэжым пачалі дыялог па правах чалавека

  • 19.06.2009, 17:07

16-17 чэрвеня ў Празе адбыўся першы раўнд перамоваў па правах чалавека паміж прадстаўнікамі Беларусі і Еўрапейскага Звяза.

У паведамленні для прэсы, якое з'явілася на сайце Рады Еўразвяза, адзначаецца, што дыялог прайшоў у адкрытай і канструктыўнай атмасферы, паведамляе «Радыё Свабода».

Падчас сустрэчы абодва бакі абмяняліся меркаваннямі аб сітуацыі з правамі чалавека як у Беларусі, так і ў краінах Еўразвяза. Асаблівая ўвага была нададзеная свабодзе сходаў і асацыяцый, а таксама правам працаўнікоў, свабодзе выказвання і інфармацыі, свабодзе думкі, сумлення і рэлігіі. Былі закранутыя пытанні барацьбы з рознымі праявамі нетрывальнасці і нянавісці, правоў мігрантаў і прадстаўнікоў меншасцяў, барацьбы з гандлем людзьмі, сітуацыі ў турмах, смяротнаму пакаранню. Былі пазначаныя напрамкі наступнага супрацоўніцтва і тэмы для глыбейшага абмеркавання.

Напярэдадні згаданай сустрэчы адбылося паседжанне, прысвечанае пытанням працы мясцовых інстытутаў абароны правоў чалавека ў асобных краінах. У гэтым паседжанні прынялі ўдзел прадстаўнікі офіса амбудсмена Чэшскай Рэспублікі.

Падчас перамоваў разглядаліся асобныя выпадкі, звязаныя з праблемамі правоў чалавека ў ЕЗ і ў Беларусі, якія датычацца свабоды слова, сходаў і асацыяцый.

Прадстаўнікі ЕЗ і Беларусі абмеркавалі супрацоўніцтва ў галіне правоў чалавека з рознымі міжнароднымі арганізацыямі, у прыватнасці з Радай па правах чалавека пры ААН, Генеральнай асамблеяй ААН, а таксама з АБСЕ. Былі разгледжаныя перспектывы збліжэння Беларусі з Радай Еўропы.

У адпаведнасці з практыкай Еўразвяза прыслухоўвацца да меркавання грамадзянскай супольнасці пры дыялогу аб правах чалавека ў трэціх краінах, у перыяд падрыхтоўкі да пражскай сустрэчы еўрапейскія палітыкі сустракаліся з прадстаўнікамі беларускіх і міжнародных недзяржаўных арганізацый.

Апошнія навіны