BE RU EN

Памёр кароль амерыканскай поп-музыкі Майкл Джэксан (Вiдэа)

  • 26.06.2009, 6:57

Знакаміты амерыканскі спявак сканаў 25 чэрвеня ў лякарні Лос-Анджэлеса ў выніку спынення сэрца.

Джэксан быў дастаўлены брыгадай хуткай дапамогі ў медыцынскі цэнтр Каліфарнійскага ўніверсітэта (UCLA Medical Center) са свайго дома. Паведамлялася, што ў лякарню спявак паступіў у стане глыбокай комы.

Праваахоўныя органы Лос-Анджэлеса афіцыйна пацвердзілі смерць Майкла Джэксана, паведамляе CNN.

Як паведаміў у эфіры тэлеканала мясцовы коранер (следчы, які ўсталёўвае акалічнасці раптоўнай або гвалтоўнай смерці), лекары канстатавалі смерць спевака ў 14:26 чацвярга па мясцовым часе.

Па папярэдніх дадзеных, смерць наступіла ў выніку раптоўнага спынення сэрца, аднак суразмоўца CNN не стаў пацвярджаць або аспрэчваць гэтую інфармацыю. Па словах коранера, аб прычынах смерці можна будзе казаць пасля вывучэння медыцынскай карты Джэксана і пасля анатаміравання, якое папярэдне прызначанае на пятніцу.

Паміж тым каля лякарань працягваюць збірацца прыхільнікі Джэксана, якія даведаліся аб ягонай смерці. Па розных дадзеных, іх ад некалькіх сотняў да некалькіх тысяч. Некаторыя людзі плачуць, іншыя тэлефануюць сябрам, каб атрымаць апошнія звесткі, якія распаўсюджваюцца СМІ і праз інтэрнэт. Да медцэнтра прыехалі журналісты шматлікіх тэлеканалаў і газет, адзначае агенцтва Associated Press, а паліцыя спрабуе рэгуляваць аўтамабільны рух у раёне.

Як нагадвае агенцтва Reuters, 13 ліпеня павінная была пачацца серыя з пяцідзесяці канцэртаў Джэксана ў Лондане. Квіткі на канцэрты былі раскупленыя ў інтэрнэце за лічаныя гадзіны. У апошні час музыка рэпетыраваў лонданскі выступ у сябе дома ў Лос-Анджэлесе.

Майкл Джэксан пачаў выступаць на сцэне са сваімі братамі ў складзе калектыва The Jackson 5 больш за 40 год таму. У 1971 годзе ён выпусціў першы сольны запіс «Got to Be There», а ў 1972-м ягоны першы сінгл «Ben» заняў першы радок у амерыканскіх хіт-парадах.

Першы сольны альбом Майкла Джэксана выйшаў у 1975 годзе. Ягоным самым паспяховым альбомам стаў «Thriller», які выйшаў у 1982 годзе. З тых часоў было прададзена 26 мільёнаў копій пласцінкі ў ЗША і каля 60 мільёнаў па ўсім свеце. У 2009 годзе гледачы тэлеканала MTV абралі «Thriller» «Найвялікшым альбомам у гісторыі».

Апошнія навіны