«Малады фронт» пікетаваў амбасаду Ірана ў Менску (Фота)
- 26.06.2009, 9:48
25 чэрвеня актывісты «Маладога Фронту» прыйшлі да будынка іранскай амбасады з плакатам «Свабоду Ірану!».
Маладыя людзі выяўлялі сваю салідарнасць з удзельнікамі дэманстрацый у Іране, якія выйшлі на вуліцы пратэставаць супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў.
Моладзевыя актывісты разгарнулі расцяжку «Свабоду Ірану!», а таксама плакаты «Free Iran». За пікетам сачылі супрацоўнікі міліцыі і невядомыя людзі ў цывільным. Аднак яны нікога не затрымоўвалі і не перашкаджалі ўдзельнікам акцыі.
Праз 15 хвілін пасля пачатку пікету маладыя людзі разыйшліся.
Нагадаем, што зараз у Іране праходзяць дэманстрацыі пратэстаў апазіцыі. Яны пачаліся ў Тэгеране два тыдні таму, пасля абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, якія прайшлі 12 чэрвеня. Па іх выніках Ахмадзінежад набраў 62,63% галасоў, ягоны асноўны супернік Мір Хасейн Мусаві - 33,75%. Мусаві абвінаваціў улады ў падтасоўцы вынікаў галасавання.
20 чэрвеня, на восьмы дзень акцый рэфармісцкай апазіцыі, пратэстуючай супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, іранская паліцыя выкарыстала зброю, вадамёты, дубінкі і слёзатачывы газ. У разгоне маніфестацыі прымалі ўдзел, акрамя паліцыі, баявікі «Брыгад Басідж».
Па розных дадзеных, загінулі ад 13 да 30 чалавек. З лякарань Тэгерана паступалі паведамленні аб сотнях пацярпелых, якія атрымалі кулявыя, колата-рэзаныя і ірваныя раны, а таксама атручаных газам.