BE RU EN

Для атрымання шэнгенскай візы беларусы будуць здаваць адбіткі пальцаў

  • 26.06.2009, 10:46

Рада Еўрапейскага звяза ўхваліла так званы візавы кодэкс - агульныя для краін-удзельніц Шэнгенскай зоны ўмовы выдачы віз.

Цяпер для атрымання шэнгенскай візы тэрмінам не больш за тры месяцы прыйдзецца заплаціць 60 еўра і здаць адбіткі пальцаў. Нагадаем, што для беларусаў, у адрозненне ад украінцаў і расейцаў, якія плацілі за ўезд у краіны ЕЗ 35 еўра, кошт шэнгенскай візы і раней складаў 60 еўра. Для дзяцей ад 6 да 11 год віза будзе каштаваць 35 еўра.

Бясплатна віза будзе выдавацца дзецям ва ўзросце да шасці год, школьнікам, якія выязджаюць у краіны Еўропы для навучання, а таксама навукоўцам і прадстаўнікам некамерцыйных арганізацый, што ўдзельнічаюць у семінарах, канферэнцыях і спартовых або культурных мерапрыемствах.

Акрамя таго, уводзяцца новыя стандарты аказання консульскіх паслуг па афармленні віз, пры гэтым рашэнне аб іх выдачы павіннае прымацца на працягу 15 каляндарных дзён.

Пры афармленні віз консульскім службам загадваецца ўносіць лічбавыя адбіткі пальцаў і фатаграфіі асоб, якія запыталі візы, у Сістэму візавай інфармацыі Шэнгенскай зоны. У выпадку адмовы ў візе супрацоўнікі пасольства павінныя будуць растлумачыць прычыну. Акрамя таго, у гэтым выпадку можна будзе падаць апеляцыю.

Візавы кодэкс ЕЗ уступіць у сілу праз 20 дзён пасля яго апублікавання.

Апошнія навіны