BE RU EN

Ветэраны БНФ супраць «кіраванай апазыцыі»

  • 3.06.2009, 15:06

Група вядомых актывістаў Партыі БНФ зьвярнулася да фронтаўцаў з заклікам не дапусьціць легітымізацыі рэжыма Лукашэнкі.

Ліст падпісалі пісьменьнік Уладзімер Арлоў, старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, дэпутаты Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня Валянцін Голубеў, Пётра Садоўскі, Галіна Сямдзянава, доктар навук Юры Хадыка, мастак Аляксей Марачкін, пісьменьнік Сяржук Сокалаў-Воюш , Ірына Лаўроўская, Станіслаў Гусак, Ружа Ганчарова, паведамляе «Радыё Свабода».

У лісьце адзначаецца, што «некаторыя дзеячы палітычнай сцэны Беларусі ўжо фактычна пайшлі па сьлізкай дарожцы прыслугоўваньня ўладзе. Яны пачалі пераконваць міжнародную супольнасьць і беларускі народ, нібыта цяперашні рэжым стаў на шлях «лібэралізацыі». І гэта кажацца ў той самы час, калі ня высьветленыя лёсы зьніклых, у турмах сядзяць палітычныя вязьні, моладзь, якая выступае за незалежнасьць, зьбіваюць дубінкамі й выкідаюць з унівэрсытэтаў, іншадумцы ня могуць знайсьці працы, а ўлада не зьбіраецца нават часткова зьмяняць выбарчае заканадаўства і практыку ў бок эўрапейскіх стандартаў. Гэта можа гучаць абсурдна, але цяперашняя ўлада Беларусі мэтадычна падрывае жыцьцяздольнасьць беларускае мовы, культуры, праўдзівай гістарычнай памяці, а значыць – духоўную моц беларускае нацыі. Частка эўрапейскіх палітыкаў таксама зрабіла выгляд, што ў нашай краіне адбылася «дэмакратызацыя», і заплюшчыла вочы на рэпрэсіі».

Аўтары ліста заклікаюць «не паддавацца на лісьлівыя намовы ідэолягаў «кіраванай апазыцыі». Нельга пагаджацца аддаваць Беларускі Народны Фронт у рукі палітычных каньюнктурнікаў, рукамі якіх бліжэйшая прэзыдэнцкая кампанія будзе выкарыстаная для легітымізацыі рэжыму А. Лукашэнкі. Партыя БНФ павінна імкнуцца вылучыць свайго кандыдата ў прэзыдэнты і дамаўляцца толькі з тымі незалежніцкімі сіламі, якія, як і мы, бачаць пэрспэктыву Беларусі не ў перавыхаваньні цяперашняга рэжыму, а ў яго сыходзе», - кажацца ў лісьце.

Дэпутат Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня Галіна Сямдзянава заяўляе:

«Мне неабыякавы лёс Беларусі, і гэта мы ўсе разам даказалі, пачынаючы з 1990 году, калі адстойвалі незалежнасьць Беларусі. Таму калі зараз пачынаюцца тлумачэньні, што трэба ісьці на дыялог з рэжымам, што трэба спрыяць яму, каб Беларусь не была ізгоем у Эўропе, -- мне гэта баліць, бо я разумею, што такім чынам мы будзем спрыяць замацаваньню гэтага рэжыму на доўгі час. Крыўдна, што некаторыя сябры Фронту, якія ўжо даўно ў Фронце, дагэтуль не разумеюць гэтай небясьпекі. І гэтая нашая памяркоўнасьць, яна можа да дабра не давесьці. Трэба, усё ж быць больш рашучымі і адстойваць тое, за што мы змагаліся шмат гадоў».

Апошнія навіны