Удзельнікаў акцыі салідарнасці з палітвязнямі судзяць
- 3.06.2009, 16:59
Восем актывістаў АГП з Гародні і Ваўкавыска ў хуткім часе паўстануць перад судом за патрабаванне вызваліць ваўкавыскіх прадпрымальнікаў.
Актывісты АГП былі затрыманыя 16 траўня за тое, што правялі мірную акцыю салідарнасці з беларускімі палітвязнямі насупраць цэнтральнага рынка ў Ваўкавыску, паведамляе «Радыё Свабода».
Удзельнікі акцыі трымалі ў руках партрэты палітвязня Мікалая Аўтуховіча. Цяпер за мірную акцыю іх будуць судзіць. Суд прызначаны на 8 чэрвеня.
Юры Істомін, кіраўнік абласной Аб'яднанай грамадзянскай партыі заяўляе, што супрацоўнікі міліцыі спрабавалі адразу пасля складання пратаколаў уручыць затрыманым позвы ў суд. Але ўдзельнікі акцыі запратэставалі, сказаўшы, што гэта справа суда, а не міліцыі, і адмовіліся браць позвы.
Нагадаем, што акцыя працягвалася 32 хвіліны. Паводле словаў Юрыя Істоміна. Да іх падыходзіла шмат людзей, пыталіся пра стан здароўя Мікалая Аўтуховіча.
Нагадаем, прадпрымальнікі з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага гэтага года і змешчаныя ў менскае СІЗА №1.
16 красавіка, паколькі справа практычна не вядзецца, Аўтуховіч абвесціў бестэрміновую галадоўку, патрабуючы больш хуткага разгляду справы ў судзе альбо змены меры стрымання. Стан здароўя Аўтуховіча пагаршаецца з кожным днём, у яго сур'ёзныя праблемы з печанню. Нягледзячы на гэта, прадпрымальнік не збіраецца спыняць галадоўку.
4 траўня беларускія грамадскія і палітычныя дзеячы пачалі галадоўку салідарнасці з Мікалаем Аўтуховічам. Зараз галадоўка праходзіць эстафетна.
Тэрміны расследавання справы і ўтрымання пад вартай ваўкавыскім прадпрымальнікам падоўжаныя да 3 чэрвеня.
Праваабаронцы лічаць прадпрымальнікаў вязнямі сумлення і патрабуюць іх неадкладнага вызвалення. Варта адзначыць, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо адбывалі пакаранне і былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю палітвязнямі.