BE RU EN

Танныя крэдыты на кватэры застануцца прыгожай казкай

  • 8.06.2009, 9:06

Крэдыты на жыллё не будуць таннець. Банкаўская сістэма не гатовая да такіх падарункаў насельніцтву.

Свае пажаданні адносна змены адсоткавых ставак жыллёвых крэдытаў Нацбанк агучыў яшчэ ўзімку: стаўкі для, тых хто мае патрэбу ў жыллі, павінны апусціцца да 15% гадавых, для астатніх катэгорыяў грамадзянаў — да 20% гадавых. Тады ж старшыня праўлення Нацбанка Пётр Пракаповіч распавёў, за кошт якіх рэзерваў камерцыйныя банкі змогуць стымуляваць развіццё жыллёвага будаўніцтва. Паколькі Нацбанк знізіў для банкаў нарматыў адлічэнняў у фонд абавязковых рэзерваў, у «іх распараджэнні застанецца каля 300 млрд. рублёў». Нацбанк рэкамендаваў накіраваць гэтыя сродкі на крэдытаванне жыллёвага будаўніцтва, пішуць «Беларускія навіны».

Пры гэтым Пракаповіч звярнуў увагу, што «адсоткавыя стаўкі, якія ў нас зараз маюцца па крэдытах і па дэпазітах, — гэта гранічныя стаўкі, і яны не павінны падвышацца». Але і для паніжэння ставак па крэдытах банкі пакуль не бачаць падставаў. Бо для гэтага ім прыйдзецца зніжаць стаўкі па дэпазітах. І калі валютныя ўклады становяцца танней (Нацбанк гэта жорстка кантралюе), дык адсоткавыя стаўкі па рублёвых дэпазітах падаць не думаюць.

Аднак сёння Нацбанк адхрышчваецца ад ранейшых заяваў.

«Калі знізіць стаўкі па рублёвых дэпазітах пры цяперашняй інфляцыі, дык уклады не толькі не будуць даваць прыбытак, але і абясцэняцца», — заявіў намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі Нацбанка Міхаіл Журавовіч.

Паводле дадзеных Нацбанка, яшчэ ў красавіку стаўка па новых тэрміновых дэпазітах у рублях склалася на ўзроўні 17,4%, павялічыўшыся ў параўнанні са студзенем на 0,8 адсоткавага пункта. Зараз па кароткатэрміновых укладах у беларускіх рублях прыбытковасць знаходзіцца ў межах 21-23%. Што датычыць рублёвых крэдытаў на жыллё, дык адсоткавыя стаўкі па іх склаліся на ўзроўні 25-26%.

Нацбанк, з аднаго боку, не выключае магчымае парушэнне ўстойлівасці ўсёй банкаўскай сістэмы ў найбліжэйшай будучыні, з іншага ж заяўляе пра тое, што банкі падтрымліваюць аб'ём капіталу на ўзроўні, дастатковым для пакрыцця рызыкаў, якія прымаюць на сябе. Так, аб'ём статутнага фонду банкаў на 1 траўня 2009 г. склаў 8 719,7 млрд. рублёў і за студзень-красавік павялічыўся на 0,5% (на 41,1 млрд. рублёў). У студзені-красавіку 2009 г. адбылося павелічэнне рэсурсавай базы банкаў на 10,4%, ці на 6 610,4 млрд. рублёў. На 1 траўня 2009 г. яе аб'ем склаў 69 990,2 млрд. рублёў.

На думку незалежных экспертаў, у сувязі з тым, што інфляцыя ў Беларусі складае практычна 7%, Нацбанк павінен не павялічваць, а скарачаць грашовую рублёвую масу і захоўваць адсоткавыя стаўкі на ранейшым узроўні. І, магчыма, нават іх падвысіць, каб захаваць устойлівасць банкаўскай сістэмы.

Апошнія навіны