Расея больш не хоча купляць бабруйскае мяса
- 1.07.2009, 15:39
Мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы Магілёўскай вобласці, каб утрымацца на расейскім рынку, вымушаныя прадаваць сваю прадукцыю ніжэй за сабекошт.
Вынік такога гандлю - шматмільённыя страты. Хто іх будзе кампенсаваць, невядома. Неадназначнымі застаюцца і агульныя перспектывы продажу беларускага мяса расейцам, паведамляе «Радыё Свабода».
Пяць месяцаў Бабруйскі мясакамбінат прадае сваю прадукцыю ў Расею па заніжаных коштах. Эканамісты ацэньваюць страты прадпрыемства ў паўтары мільярды рублёў.
«Тое, што мы прадавалі ніжэй за сабекошт, адбылося з-за крызісу, калі не было грошай і ў нас засталася вялікая колькасць мяса на складах. Вось яго і прыйшлося прадаць згодна з указам прэзідэнта. А чаму затаварываліся - таму што ў студзені Расея наогул не купляла нашае мяса. Доўг, які з'явіўся ў студзені, будзе заставацца», -- тлумачыць сітуацыю супрацоўнік адміністрацыі мясакамбіната.
«Сёння сітуацыя, на жаль, іншая. Расея больш не хоча нашага мяса. Тую квоту, якую мы далі, ужо зачынілі. Расейская федэрацыя задэкларавала на набыццё 115 тысячаў тон мяса з Беларусі. Гэтая квота выбіраецца і ўсё. А што далей - гэтае пытанне не ў маёй кампетэнцыі», -- адзначае супрацоўнік мясакамбіната.
Што гэта за квота, у Міністэрстве сельскай гаспадаркі даведацца не атрымалася. Сумніўнымі застаюцца і самі перспектывы гандлю беларускім мясам у Расеі.
Магілёўскі эканаміст Пётр Мігурскі лічыць, што гэтыя перспектывы не дужа светлыя. Паводле яго словаў, беларускае кіраўніцтва пераацэньвае значнасць прысутнасці сваіх тавараў на рынку Расеі.
«Мець валавы прадукт, які не перавышае трох адсоткаў расейскага валавога ўнутранага прадукта і заяўляць пры гэтым, што мы ледзь не кормім Расею, - гэта ўжо занадта», -- кажа эканаміст.
Эканаміст не выключае, што ў хуткім часе беларускія вытворцы мясной прадукцыі сутыкнуцца з тымі ж праблемамі, з якімі сутыкаліся іх калегі-малочнікі.
Мясны канфлікт - гэта пытанне часу, сцвярджае Пётр Мігурскі.