BE RU EN

Паводка ў Ваўкавыску: дзесяткі чалавек былі эвакуяваныя з затопленых хатаў

  • 2.07.2009, 11:26

1 ліпеня ў Ваўкавыску (Гарадзенская вобласць) выпала 70% месячнай нормы ападкаў, у выніку чаго сур'ёзна пацярпелі каля 100 хатаў.

Пасля моцнага дажджу з затопленых хатаў былі эвакуяваныя 30 чалавек, паведаміў «Інтэрфаксу» начальнік прэс- службы міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі Віталь Навіцкі.

«З-за падтаплення пацярпелі 98 хатаў, на адной з вуліцаў Ваўкавыска ўзровень вады дасягаў 1 метра, 30 жыхароў горада эвакуяваныя і часова расселеныя па сваяках», - распавёў В.Навіцкі.

Ён адзначыў, што ў 4 гадзіны раніцы 2 ліпеня падраздзяленнямі МНС і супрацоўнікамі камунальных службаў былі скончаныя працы па адпампоўцы вады з гарадскіх вуліцаў.

Начальнік прэс-службы МНС Беларусі таксама распавёў, што на дадзены момант працы па аднаўленні вядуцца ў Ваўкавыскім раёне, дзе размыла 20 метраў дарогі з асфальтавым пакрыццём.

«З-за вялікай колькасці ападкаў узняўся ўзровень вады ў мясцовым возеры», - патлумачыў В.Навіцкі.

Прадстаўнік МНС Беларусі дадаў, што 1 ліпеня ў Ваўкавыску выпала 22 міліметры ападкаў, пры дэкаднай норме 27 міліметраў.

Апошнія навіны