Перакрыўшы расейскую трубу, Беларусь пазбавіла паліва Латвію
- 22.07.2009, 9:13
Аварыя на нафтапрадуктаправодзе ў Беларусі можа паскорыць будаўніцтва трубаправода БТС-2 у абыход краіны.
Менск абяцае, што затрымка часовая, але выпадкі з газаправодамі «Дружба» і САЦ могуць казаць пра адваротным, адзначае латвійскі сайт БалтИнфо.ru.
Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі паведаміла, што прыпыніла прапампоўку паліва па нафтапрадуктаправоду Унеча-Вентспілс, які належыць расейскаму «Захад-Транснафтапрадукту», з-за шматлікіх тэхнічных дэфектаў, якія двойчы прыводзілі да аварыяў у 2007 годзе. Нафта па гэтым трубаправодзе ідзе ў Латвію.
«Пасля двух аварыяў на ўчастку Унеча-Вентспілс была праведзеная комплексная праверка і выяўлена больш за тысячу тэхнічных дэфектаў. Яны павінны былі быць ліквідаваныя да 17 ліпеня. На цяперашні момант ліквідаваныя толькі 243 дэфекты, у сувязі з чым прынятае рашэнне аб прыпыненні эксплуатацыі», — сказаў прэс-сакратар МНС краіны Віталь Навіцкі.
«Наколькі нам вядома, уласнікі ўжо праводзяць маштабныя працы па ліквідацыі дэфектаў. Як толькі найбольш небяспечныя дэфекты будуць ліквідаваныя прапампоўка нафтапрадуктаў будзе адноўленая», — сказаў Навіцкі.
Як паведамлялася, першая ўцечка дызельнага паліва з нафтаправода, які належыць расейскаму прадпрыемству «Захадтранснафтапрадукт», была зафіксаваная 23 сакавіка 2007 года. Частка дызельнага паліва патрапіла ў прыток Заходняй Дзвіны — раку Ула, якая забруджаная на працягу 15 км.
Другая аварыя адбылася 14 лютага 2008 года на 422-м км магістральнага трубаправода «Унеча-Роўна» - адбылася ўцечка каля 70 куб.м дызпаліва на плошчы 100 кв.м. «Захадтранснафтапрадукт» выплаціла Br 2 млрд. у якасці кампенсацыі за шкоду, аднак гэтая сума не задаволіла беларускі бок.
Пасля двух аварыяў Мінпрыроды РБ выступіла з ініцыятывай прыпыніць эксплуатацыю нафтаправода «Захадтранснафтапрадукта».
У апошні час спіс узаемных прэтэнзіяў уладаў Беларусі і Расеі няўхільна расце: уведзеная забарона на ўвоз беларускай малочнай прадукцыі ў РФ, практычна прыпыненыя пастаўкі беларускай сельгастэхнікі, забаронены ўвоз у Беларусь расейскага мяса, а ў Расею беларускіх медыкаментаў і г.д.. У пачатку ліпеня кіраўнік «Газпрама» Аляксей Мілер заявіў, што доўг Беларусі за газ складае 244 мільёны даляраў, і калі Менск не расплаціцца ў ліпені, дык «Газпрам» альбо звернецца ў суд, альбо скароціць аб'ём паставак.
У аўторак, 21 ліпеня, Рассельгаснагляд забараніў пастаўку беларускай мясной прадукцыі, вырабленай на двух прадпрыемствах – ААТ «Гомельскі мясакамбінат» і ААТ «Брэсцкі мясакамбінат». Ведамства спаслалася на наяўнасць у беларускім мясе шкодных рэчываў.