BE RU EN

Ва Украіне арыштаваны забойца журналіста Гангадзэ – генерал МУС

  • 22.07.2009, 9:51

Арыштаваны былы генерал МУС Украіны Аляксей Пукач, які доўгі час знаходзіўся ў вышуку.

Пукача знайшлі ў Жытомірскай вобласці Украіны. Георгі Гангадзэ быў забіты ў 2000 годзе. Арышт пацвердзіла ўкраінская генеральная пракуратура. Былы генерал дастаўлены ў Кіеў, яго дапытваюць, паведамляе «Украинская правда».

Паводле версіі следства, Пукач, які загадваў галоўным упраўленнем крымінальнага пошуку МУС Украіны, арганізаваў сачэнне за журналістам, а таксама кіраваў трыма афіцэрамі міліцыі, якія выкралі Гангадзэ. Затым генерал уласнаручна задушыў выкрадзенага і, магчыма, перапахаваў яго цела ў лесе.

У 2003 годзе Пукача арыштавалі, абвінаваціўшы ў знішчэнні дакументаў, якія сведчаць аб сачэнні за заснавальнікам «Украінскай праўды». У тым жа годзе яго вызвалілі пад падпіску аб невыяздзе, пасля чаго Пукач знік. У 2005 годзе, калі прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка абвесціў аб раскрыцці справы Гангадзэ, Пукачу завочна прад'явілі абвінавачванні ў забойстве. Ён быў абвешчаны ў міжнародны вышук.

Пасля гэтага паведамлялася, што Пукач хаваецца ў Ізраілі. Выказвалася і версія аб смерці былога генерала, аднак у 2006 годзе быў апублікаваны ліст, нібыта напісаны Пукачам, у якім ён абвяргаў абвінавачванні ў забойстве. Таксама паведамлялася, што яго замежны паспарт знайшлі ў аднаго з чальцоў партыі «Бацькіўшчына». Казалі, што абвінавачваны хаваецца ў Вяліка-Белазерскім раёне Запарожскай вобласці, дзе яго нібыта хавае аддзел міліцэйскай выведкі МУС Украіны.

Заказчыкі забойства выяўленыя не былі. У 2008 годзе трое былых супрацоўнікаў дэпартамента знешняга назірання і крымінальнай выведкі МУС Украіны Мікалай Пратасаў, Валеры Касценка і Аляксандр Паповіч былі прызнаныя выканаўцамі забойства і прысуджаныя да 13, 12 і 12 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Ніхто з іх цалкам сваёй віны не прызнаў.

Справа аб забойстве Гангадзэ справакавала вялікі палітычны скандал ва Украіне. Супрацоўнік службы аховы прэзідэнта краіны маёр Мікалай Мельнічэнка абвінаваціў у забойстве тагачаснага кіраўніка дзяржавы Леаніда Кучму. Мельнічэнка апублікаваў аўдыёзапісы, на якіх Кучма нібыта абмяркоўваў замову злачынства.

Нагадаем, што ў 1999-2000 гадах у Беларусі зніклі першы віцэ-спікер Вярхоўнага Савета Беларусі 13 склікання, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар, бізнэсмэн і грамадскі дзеяч Анатоль Красоўскі, экс-кіраўнік МУС, які пасля стаў апазіцыйным палітыкам, Юры Захаранка і аператар расейскага тэлеканала ГРТ Зміцер Завадскі.

Пра неабходнасць высветліць лёс зніклых беларускіх апазіцыянераў увесь час заяўляе міжнародная супольнасць. Патрабаванне раскрыць праўду пра іх знікненне ўтрымліваецца ў рэзалюцыях Камісіі ААН па правах чалавека, Парламенцкіх асамблеяў Рады Еўропы і АБСЕ.

Шэрагу высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, у прыватнасці экс-міністру ўнутраных справаў Уладзіміру Навумаву, былому сакратару Савета бяспекі Віктару Шэйману, былому кіраўніку МУС Юрыю Сівакову і экс-камандзіру САХРа Дзмітрыю Паўлічэнку забаронены ўезд у краіны Еўразвяза і ЗША з-за падазрэнняў у іх датычнасці да выкраданняў апазіцыянераў.

Апошнія навіны