Школа «для Колі» ахоўваецца як сакрэтны аб'ект (Фота)
- 30.07.2009, 9:43
У Астрашцыкім гарадку, дзе размяшчаецца прэзідэнцкая рэзідэнцыя «Азёрны», у спешным парадку сканчаецца рэканструкцыя школы.
Пра тое, як ідзе будаўніцтва, піша газета «Салідарнасць».
«Раней тут была такая глухамань, а зараз, паглядзіце, што адбудавалі!» — кажа адзін з мясцовых жыхароў. Пры згадцы пра будоўлю, суразмоўцы хаваюць усмешку. Кажуць, што ў гэтай школе, магчыма, будзе вучыцца Коля Лукашэнка.
Яшчэ напярэдадні камандзіроўкі журналістаў папярэдзілі: у Астрашцыкі гарадок патрапіць не так і проста. Супрацоўнікі ДАІ старанна правяраюць усе невядомыя аўтамабілі, цікавячыся мэтай візіту. Карэспандэнтам газеты пашанцавала: па дарозе мы не сустрэлі ніводнага ахоўніка правапарадку.
Затое праблемы чакалі на самой будоўлі.
Ужо на падыходзе яны адчулі на сабе цікаўныя погляды. Тым не менш, разгаварыць будаўнікоў аказалася не так і проста. Нібы чагосьці асцерагаючыся, яны трымалі рот на замку і, таямніча ўсміхаючыся, з ўсімі пытаннямі адпраўлялі да кіраўніцтва школы.
Нават звычайна гаваркая вахцёрка была нешматслоўнай. Паведаміўшы пра тое, што капітальнага рамонту гэты будынак не бачыў 26 гадоў і да нядаўняга часу знаходзіўся ў жаласным стане, яна выклікала кіраўніцтва.
— Хто вы такія і што вы тут робіце? — адразу пацікавілася дырэктарка школы, якая з'явілася літаральна праз хвіліну.
Старанна вывучыўшы журналісцкія пасведчанні, яна спытала:
— А «Салідарнасць» — гэтае дзяржаўнае ці недзяржаўнае выданне?
Даведаўшыся, што «недзяржаўнае», дырэктар задала наступнае пытанне: «А вы ўзгаднілі свой візіт з райвыканкамам?»
Усё, што адбывалася, пачынала нагадваць камедыю. Да таго часу журналістаў ужо атачылі шчыльным колам яе намеснік, прадстаўнік гарадскога аддзела адукацыі і нават вахцёрка.
— А хіба мы павінны нешта ўзгадняць? — пацікавіліся карэспандэнты. — Гэта ж звычайная школа, а не сакрэтны аб'ект.
— Гэта якраз зачынены аб'ект. І знаходзіцца тут вы не маеце права.
— Першы раз чуем, што школа – гэта зачынены аб'ект і на яе наведванне неабходны нечы дазвол.
— Сумняюся, што вы, працуючы ў такой газеце, ніколі з падобным не сутыкаліся.
Далей дырэктарка тэлефануе камусьці па мабільным (як пазней высветлілася, у райвыканкам) і паведамляе пра візіт журналістаў. Пасля непрацяглай гутаркі, яна адразае: «Вы павінны неадкладна пакінуць гэтае месца!»
— Дазвольце хаця б даведацца, як вас клічуць? — на развітанне пацікавіліся журналісты.
— Ніяк! І наогул, што вы там пішыце ў нататнік?! Я ж кажу, што тут вам знаходзіцца нельга. Нічога не пішыце і не фатаграфуйце!
Пасля таго, як журналістаў выправадзілі з будынка, яны накіраваліся на лужок да будаўнікоў, якія адпачывалі. Аднак і з імі пагутарыць не атрымалася. Следам выскачыла намесніца кіраўніка гарадскога аддзела адукацыі і жэстамі, прыкладваючы палец да вуснаў, загадала тым маўчаць.
А вось мясцовыя жыхары апынуліся больш гаваркімі.
— Ды тут усе ведаюць, што гэтую школу вылізваюць для малодшага сына Лукашэнкі. Раптам вучыцца будзе? Вось і перастрахоўваюцца. Раней тут было такая глухамань, а зараз, паглядзіце, што адбудавалі! Такія грошы сюды ўбахалі. Рамонт робяць па еўрастандартах. Чуў, што будаўніцтва фінансуецца Міністэрствам адукацыі. Хоць я асабіста вельмі сумняваюся, што гэты хлопчык усёткі будзе тут вучыцца.
Як атрымалася разведаць, рэканструкцыю школы плануюць скончыць да 25 жніўня. Будзем спадзявацца, што да 1 верасня мясцовую «будоўлю стагоддзя» (а ў параўнанні з навакольнымі пабудовамі, будынак сапраўды ўражвае) змогуць ацаніць ужо ўсе жадаючыя.