Суд адмовіў праваабаронцам і стаў на бок «Советской Белоруссии»
- 31.07.2009, 9:00
Калегія Менгарсуда не задаволіла пазоў, пададзены на газету адміністрацыі Лукашэнкі старшынёй ініцыятывы «Жанчыны супраць беззаконня ў судах і пракуратуры» Галіны Юбко.
Больш за месяц таму пазоў да «Советской Белоруссии» адхіліў Савецкі раённы суд Менска, паведамляе «Радыё Свабода».
Галіна Юбко палічыла абразлівымі звесткі, якія ў лютым распаўсюдзіла газета пра ініцыятыву «Жанчыны супраць беззаконня ў судах і пракуратуры». Пра жанчынаў, якія незадаволеныя некаторымі судовымі прысудамі, газета напісала, што яны нібыта «аказваюць ціск на суды праз слёзы і маленні». Галіна Юбко, якая сама прызнаная судом пацярпелай, але ўжо некалькі гадоў не можа дамагчыся вырашэння справы, заяўляла ў судзе, што «заўсёды дзейнічала выключна законнымі метадамі і дамагаецца правоў, гарантаваных Канстытуцыяй».
«Суд прадэманстраваў, што ў Беларусі не ўсе роўныя перад законам», -- заявіла юрыст Тамара Сяргей.
Галіна Юбко сказала, што будзе падаваць у Вярхоўны суд наглядальную скаргу. «А калі і там не атрымаецца, будзем скардзіцца ў еўрапейскія структуры, таму што відавочна, што парушаная Дэкларацыя аб грамадзянскіх правах, якую падпісала Беларусь», -- заявіла Тамара Сяргей.