Славамір Адамовіч збіраецца вярнуцца ў Беларусь
- 8.07.2009, 13:02
Беларускі паэт Славамір Адамовіч, які 7 год пражывае ў Нарвегіі ў статусе ўцекача, плануе вярнуцца ў Беларусь ужо 18 ліпеня.
«Я еду сваім ходам, цягніком праз Варшаву, а там ужо будзем бачыць, што будзе на мяжы. Калі ўсё будзе нармальна, то 18 ліпеня, думаю, павінен быць», -- паведаміў Адамовіч у інтэрв'ю «Еўрарадыё».
Тэрмін дзеяння пашпарта, выдадзенага паэту беларускімі ўладамі, скончыўся яшчэ ў 2007 годзе. У Нарвегіі няма беларускай амбасады, якая магла б выдаць Славаміру Адамовічу неабходны дакумент. За спецыяльным сведчаннем, якое сведчыць асобу трэба ехаць у Швецыю, а гэта каля 2 тысяч кіламетраў ад таго горада, у якім ён пражывае. Ды і кошт дарогі ў адзін бок складае больш за 500 еўра. Менавіта таму Славамір Адамовіч вырашыў не браць ніякіх сведчанняў, а адразу ехаць у Беларусь.
Славамір Адамовіч – беларускі паэт, сябар партыі БНФ (з 1993 года). З 4 красавіка 1996 па 7 лютага 1997 года знаходзіўся пад арыштам у сувязі з распачаццем супраць яго крымінальнай справы за верш «Забі прэзідэнта». У зняволенні 8 сутак трымаў сухую галадоўку, пасля вызвалення правёў на апазіцыйным мітынгу акцыю «Зашыты рот».