У Брэсце вядро з гноем прынялі за выбухоўку
- 8.07.2009, 16:37
Сёння ўначы ў аддзяленне Маскоўскага РАУС Брэста паступіла паведамленне аб тым, што каля адной з крам выяўленая скрынка з надпісам «Не чапаць, выбуханебяспечна!».
Паведамленне паступіла ад аддзялення дэпартамента аховы. Яны ўначы абыходзілі раён і выпадкова натыкнуліся на падазроную скрынку.
- Адразу ж на месца выехалі супрацоўнікі МНС, КДБ, «Хуткая», дэпартамент аховы, група размінавання вайсковай часткі, - распавёў «Комсомольской правде в Беларуси» Руслан Максерук, старэйшы інспектар групы інфармацыі і грамадскіх сувязяў Маскоўскага РАУС Брэста. - Але пры выбуховага рэчыва ў скрынцы не выявілі, затое знайшлі вядро з надпісам «для падлогі і падсобных памяшканняў». Унутры ляжаў курыны памёт.
- Гэтая гісторыя проста з пальца высмактаная! - абураецца гаспадыня крамы Наталля Пятроўна. - У нас перад крамай ёсць кветнік - яго разбіла Вольга Аляксееўна, прыбіральшчыца. Расаду прывезла з уласнага лецішча. У кветніку Вольга Аляксееўна проста душы не чуе, трасецца над кожнай кветкай, даглядае іх. І вось падкарміла яна кветкі, а астаткі ўгнаення склала ў вядро, аднесла на задні двор і схавала за пустымі скрынкамі. Бо крама наша харчовая і нельга гной унутры трымаць. А каб не выкраў ніхто, зрабіла гэты надпіс. А міліцыя вядро знайшла. Гэта проста анекдатычны выпадак.
- Я гэта проста для жарту напісала, - распавяла прыбіральшчыца, якая зладзіла перапалох. - Я ж нічога дрэннага зрабіць не хацела, толькі гной абараніць. Каб яго не выкралі або грузчыкі не вылілі. Я раней у сталовай працавала, і мы адходы там так падпісвалі дзеля хохмы. Вось я і вырашыла ўзгадаць маладосць. А ў восем раніцы 4 ліпеня мне патэлефанавалі і нешта пра выбухоўку пачалі казаць. Я спалохалася, падумала: крама падарвалася! А пра вядро з памётам я і падумаць не магла. Мне толькі шкада, што з-за мяне шмат людзей уначы не спалі! Мяне міліцыянт за гэта пажурыў.
Зараз РАУС Маскоўскага раёна праводзіць праверку. Але Вольгу Аляксееўну, хутчэй за ўсё, караць не будуць. Бо яна пісала надпіс без усялякага злога намеру, і да артыкула «загадзя ілжывае паведамленне аб небяспецы» здарэнне аднесці складана.