BE RU EN

Расейскія СМІ: «Лукашэнка апускаецца ў бездань звычайнай для дыктатараў параноі»

  • 10.08.2009, 16:17

Як любы аўтарытарны кіраўнік, ён пабойваецца сілавых ведамстваў, лічаць СМІ.

Інтэрнэт-выданні працягваюць каментаваць намер беларускага кіраўніка стварыць новы орган нагляду. Гэтым разам аб'ектамі ўвагі Лукашэнка сталі КДБ, МУС, пракуратура і камітэт дзяржкантролю. Гэтыя сілавыя ведамствы, як уяўляецца Лукашэнку, патрабуюць кантролю з боку кіраўніка краіны. Афіцыйна прычынай стварэння следчага камітэта называюць неабходнасць змагацца з карупцыяй. Тым не менш, відавочна, што асноўнай функцыяй новай суперспецслужбы стане кантроль працы сілавікоў.

Як любы аўтарытарны кіраўнік, Лукашэнка пабойваецца сілавых ведамстваў, піша інтэрнэт-выданне «Сегодня.ру». Няспынныя «зачысткі» у кіраўніцтве, паказальныя ганенні на былых старшыняў КДБ і да т.п., павінны прадэманстраваць ведамствам, «хто ў хаце гаспадар». Узімку гэтага года Лукашэнка санкыянаваў разавую дэвальвацыю, якая абясцэніла зарплаты чэкістам і іншым сілавікам амаль на траціну, калі не на палову. Што адразу прывяло да масавых звальненняў супрацоўнікаў. Прычым, што цікава, кіраўніцтвам КДБ быў аддадзены сакрэтны загад не звальняць «па ўласным жаданні», а дамагацца звальнення па артыкуле. Гэта звязана з неабходнасцю выплочваць кампенсацыю і забяспечваць належныя па законе ільготы; калі ж супрацоўнік звальняецца па артыкуле, зразумела, што ніякіх грошай і ільготаў ён не атрымлівае. Аднак гэта не спыняе тысячы афіцэраў і шэрагоўцаў ад звальнення з шэрагаў праваахоўных органаў. Зразумела, што пакрыўджаныя сілавікі могуць уяўляць з сябе нейкую небяспеку для рэжыму Лукашэнкі, тым больш, калі ўлічыць іх сувязі з калегамі па працы. Тады вось і спатрэбіцца Лукашэнку новае ведамства, якое пачне змагацца з карупцыяй у шэрагах праваахоўнікаў, а, па сутнасці, займацца маніторынгам мяцежных настрояў і барацьбой з магчымымі змоўшчыкамі.

На думку інтэрнэт-выдання, «апошні дыктатар Еўропы», як часта называюць Лукашэнку ў прэсе, на сёння знаходзіцца ў жудасна складаным становішчы. Працягваючы патрабаваць грошы ад Расеі, ён імкнецца дыстанцавацца і захаваць свабоду манеўру. Але, публічна «кідаючы» Крэмль у АДКБ і ў пытанні прызнання Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, Лукашэнка можа разлічваць толькі на ўнутраныя рэзервы стабільнасці ў будучым калапсе псеўдасавецкай эканомікі Беларусі, лічаць расейскія СМІ.

Пастанова № 991, у спешцы адмененая пад ціскам грамадскасці, працяг курсу на датацыю стратнай сельскай гаспадаркі, канфлікт з Расеяй з-за парушэння малочнага тэхрэгламента і ціхае звальненне дырэктараў малочных вытворчасцяў пасля маштабных рэвізіяў, - усё гэта кажа пра неадэкватнасць і непаслядоўнасць кіраўніцтва Беларусі ў эканоміцы. А неадэкватнасць і непаслядоўнасць Лукашэнкі, які яшчэ ўчора быў манументальным, выраслі менавіта з панічных настрояў: Масква ў сувязі з крызісам закручвае фінансавыя плыні. Датацыі, якія адпрацоўваліся пустой балбатнёй, скарачаюцца. Аляксей Кудрын, карыстаючыся сваім фактычна беспрэцэдэнтным становішчам нязменнага міністра, выказаў агульнае для кіраўніцтва Расеі меркаванне: Лукашэнка занадта моцна залежыць ад Расеі, каб працягваць паводзіць сябе, як быццам гэтай залежнасці не існуе.

Прызвычаіўшыся да фактычна аднаасобнага кіравання, Лукашэнка вельмі баіцца неабходнасці змяняць стаўленне да саюзніка-донару. А донар больш не хоча датаваць недасканалага (з пункта гледжання Крамля) палітыка, які перацягвае коўдру на сябе. Расея мае патрэбу ў Беларусі. Але прысутнасць Лукашэнкі не з'яўляецца для расейскіх уладаў абавязковай. Пасля ўсіх гістэрычных выбрыкаў, якія ўчыніў Лукашэнка за апошнія 3 гады, ён не можа разлічваць на падтрымку свайго рэжыму з боку Расеі. У прынцыпе, калі б беларускі народ незнарок зарганізаваў рэвалюцыю і прывёў да ўлады іншага лідэра, настроенага на адэкватныя адносіны з Расеяй, шмат хто ў Крамлі ўздыхнуў бы з палягкай. Верагодна, гэта разумее і сам Лукашэнка. Таму і стварае новае ведамства, - кантраляваць найбольш пасіянарных чальцоў грамадства, пакрыўджаных адносінамі Лукашэнкі, робіць выснову «Сегодня.ру».

Лукашэнка апускаецца ў бездань звычайнай для дыктатараў панічнай параноі. Аднак усе перадумовы для цяжкай сацыяльнай і эканамічнай сітуацыі сённяшняй Беларусі стварыў не хто іншы, як сам Лукашэнка.

Апошнія навіны