BE RU EN

Усім калгасам у СГА

  • 12.08.2009, 16:39

Беларускі рэжым вырашыў уступаць у Сусветную гандлёвую арганізацыю разам з Расеяй і Казахстанам.

Сёння ў Маскве была сфармаваная адзіная перамоўная група па далучэнні мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расеі да Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Яе ўзначаліў дырэктар дэпартамента гандлёвых перамоваў Мінэканамразвіцця РФ Максім Мядведкаў. Такое рашэнне прынятае 12 жніўня ў Маскве па выніках сёмага паседжання камісіі мытнага саюза.

«Мы сфармавалі перамоўную групу, якая складаецца з прадстаўнікоў усіх трох дзяржаваў. Гэта дасведчаныя перамоўшчыкі, - цытуе РИА Новости першага віцэ-прэм'ера Расеі Ігара Шувалава. - Зыходзім з таго, што гэтая група будзе весці перамовы пра ўступленне мытнага саюза ў СГА, а таксама пра ўступленне Расеі, Беларусі і Казахстана ў СГА на прымальных умовах, якія будуць узгодненыя».

Шувалов падкрэсліў, што прыярытэтам з'яўляецца «уступленне Расеі, Беларусі і Казахстана на аднолькавых умовах і адначасова». Разам з тым ён адзначыў: «Калі бакам прыйдзецца прыняць якія-небудзь іншыя рашэнні, мы да гэтых рашэнняў будзем гатовыя, зыходзячы з таго, што такія рашэнні павінны быць узгодненыя з кіраўнікамі дзяржаваў, і мы зыходзім з таго, што стратэгічнай мэтай для ўсіх трох дзяржаваў з'яўляецца ўдзел у якасці поўнага фармату, у якасці чальцоў у СГА».

Па словах першага віцэ-прэм'ера РФ, група будзе надзеленая ўсімі паўнамоцтвамі для таго, каб весці перамовы як ад імя мытнага саюза, так і ад нацыянальных урадаў. «Мы юрыдычна можам уступіць асобна, кожная з дзяржаваў, у СГА. Па нейкіх пытаннях можам уступіць з мытным саюзам, гэта пытанні тэхнічных дэталяў. ...> Галоўнае, што мы выконваем тыя рашэнні, якія былі ў чэрвені бягучага года, што асобна перамовы пра уступленне ў СГА мы не вядзем», - заявіў Шувалаў.

Паводле ім словаў, група будзе канчаткова сфармаваная да 24 жніўня і «неадкладна прыступіць да перамоваў з сакратарыятам СГА».

Заява аб уступленні ў СГА адзінай мытнай тэрыторыяй была падпісаная прэм'ер-міністрамі Беларусі, Казахстана і Расеі 9 чэрвеня ў Маскве. Кіраўнікі ўрадаў заявілі, што адмаўляюцца ад вядзення нацыянальных перамоваў з СГА, перамовы аб калектыўным уступленні ў гэтую арганізацыю будзе весці адзіная група экспертаў трох краінаў.

У межах уступлення ў СГА Расея да цяперашняга моманту скончыла двухбаковыя перамовы з ўсімі 60 краінамі-партнёрамі, Казахстан - з 22 краінамі, Беларусь - прыкладна з 10.

Каментуючы намер трох краінаў аб калектыўным уступленні ў арганізацыю, гендырэктар СГА Паскаль Ламі ў чэрвені заявіў: «Я збіты з панталыку, разгублены. Чальцы СГА пакуль не ведаюць, якімі будуць далейшыя крокі. Для чальцоў СГА зараз час згуляць у сур'ёзны юрыдычны покер».

Уступленне Расеі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю ў складзе Мытнага саюза«няажыццяўляльна» і толькі выкліча прамаруджванне, заявіў у ліпені міністр гандлю ЗША Гэры Лок.

Відавочна, што, нягледзячы на ўсе размовы пра «збалансаваную знешнюю палітыку», лукашэнкаўская Беларусь імкнецца заставацца ў сферы ўплыву Расеі.

Апошнія навіны