Беларускія камбайны ў дождж не працуюць
- 14.08.2009, 13:19
Збожжаўборачная тэхніка ў гаспадарках Беларусі не прыстасаваная для працы ў неспрыяльных умовах надвор'я.
Такое меркаванне выказаў на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення механізацыі і тэхнічнага прагрэсу з Галоўдзяржтэхнагляда Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Кулька, паведамляе «Інтэрфакс».
«Для экстрэмальных умоваў тэхніка не вельмі прыстасаваная», - лічыць У. Кулька.
Ён падкрэсліў, што ў працу сельгастэхнікі істотныя карэктывы ўносіць надвор'е. У прыватнасці, з-за дажджоў зніжаецца яе праходнасць у палях. У гэтай сувязі ён лічыць неабходным «канструктарам і навуцы працаваць над падвышэннем праходнасці тэхнікі».
Паводле дадзеных Мінсельгаспрада, на палях рэспублікі працуе больш за 12 тысячаў камбайнаў, у тым ліку каля 10 тысячаў збожжаўборачных.
У гаспадарках прымаецца шэраг тэхнічных рашэнняў для павелічэння праходнасці тэхнікі на падтопленых палях. У прыватнасці, усталёўваюць спараныя колы. У рэспубліцы працуе да 900 адзінак такой тэхнікі.
У. Кулька распавё пра тое, што штодня па тэхнічных прычынах прастойвае 200-300 камбайнаў. «Прастоі гэтыя складаюць не 1-2 гадзіны, а паўдні і больш», - падкрэсліў ён, дадаўшы, што 80-90 камбайнаў прастойваюць больш за суткі.
«Кожны трэці з няспраўных камбайнаў прастойвае з-за паломкі рухавікоў і яшчэ траціна - малацільна-сепаравальных прыладаў», - сказаў спецыяліст. Паводле яго словаў, астатнія прастоі датычаць непаладак у гідраўліцы, электроніцы, шынах.
У. Кулька заўважыў, што сэрвісныя службы не заўсёды спраўляюцца з ліквідацыяй адмоваў тэхнікі ў вызначаныя тэрміны.