Плакат «Камунізм = фашызм» палічылі антысанітарыей
- 24.08.2009, 9:28
У дачыненні да актывістаў «Маладога Фронту» Мікалая Дземідзенкі і Ганны Бунько склалі адміністрацыйныя пратаколы.
23 жніўня моладзевыя актывісты правялі на плошчы Незалежнасці акцыю – яны прымацавалі да помніка Леніну плакат з надпісам «Камунізм = фашызм». Маладых людзей затрымалі супрацоўнікі міліцыі і ахоўнікі будынка Дома ўрада.
Дземідзенка і Бунько былі дастаўленыя ў Маскоўскі РУУС Менска. У аддзяленні міліцыі ў дачыненні да актывістаў склалі адміністрацыйныя пратаколы па артыкуле «антысанітарыя» і вызвалілі, паведамляе «Радыё Свабода».
Судзіць маладафронтаўцаў будуць адміністрацыйныя камісіі райвыканкамаў па месцы жыхарства.
Гэта не першая акцыя супраць злачынстваў камунізму, арганізаваная актывістамі «Маладога Фронту». 7 лістапада мінулага года маладыя апазіцыянеры вышлі на праспект Незалежнасці ў Менску з расцяжкай «Камунізм пад трыбунал». Тады 4 чалавекі былі пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі па тры дні кожны.
23 жніўня спаўняецца 70 гадоў з дня заключэння савецка-германскай дамовы аб ненападзе 1939 года, пад якой паставілі подпісы міністры замежных справаў Савецкага Саюза Вячаслаў Молатаў і Германіі — Ёахім фон Рыбентроп.
Да дамовы прыкладаўся дадатковы сакрэтны пратакол аб размежаванні сфераў уплыву ва Усходняй і Паўднёваўсходняй Еўропе «на выпадак тэрытарыяльна-палітычнага пераўладкавання».
1 верасня 1939 года Нямеччына акупавала Польшчу, а 17 верасня СССР уключыў у свой склад заходнія вобласці Украіны і Беларусі, якія знаходзіліся пад кіраваннем Польшчы. Пазней ў СССР таксама былі ўключаныя краіны ўсходняга рэгіёна Балтыйскага мора.