У Менску праходзіць канферэнцыя «Беларусь-Расея: Ракіроўка ці перазагрузка?» (Фота)
- 27.08.2009, 12:15
Упершыню за апошнія 15 год у беларускай сталіцы адкрылася буйная міжнародная канферэнцыя з удзелам беларускай і расейскай апазіцыі.
27 жніўня ў Сочы пройдзе сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Дзмітрыя Мядзведзева.
Лукашэнка і Мядзведзеў абмяркуюць гандлёва-эканамічныя адносіны, хаду будаўніцтва «саюзнай дзяржавы», сумесныя меры па пераадоленні негатыўнага ўплыву сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу, пытанні забеспячэння бяспекі абедзвюх краін, узгодненныя дзеянні ў знешняй палітыцы.
Расейскія СМІ адзначаюць, што таксама падчас сустрэчы будуць закранутыя пытанні вылучэння Беларусі чарговага расейскага крэдыту і пытанне прызнання Паўднёвай Асеціі і Абхазіі.
А ў гэты час у Менску а 10 гадзіне пачалася міжнародная канферэнцыя «Беларусь-Расея: Ракіроўка ці перазагрузка?» Арганізатарамі форуму выступілі Нацыянальны камітэт Аб’яднаных дэмакратычных сіл (АДС) і Аналітычны цэнтр «Стратэгія».
Упершыню за апошнія 15 год прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі і Расеі актыўна ўключаюцца ў абмеркаванне двухбаковых адносін.
У абмеркаванні стану і перспектываў развіцця палітычных, эканамічных, знешнепалітычных адносін паміж краінамі возьмуць удзел вядомыя палітыкі, аналітыкі і эканамісты абедзвюх краін, члены Дзяржаўнай Думы Расеі, дыпламаты і эксперты ў галіне міжнародных адносін.
Сярод удзельнікаў міжнароднай канферэнцыі: галоўны эксперт Нацыянальнага цэнтра стратэгічных ініцыятыў «Усход-Захад» Валер Карабалевіч (Беларусь) , старшыня грамадскага руху «Выбар Расеі», палітычны аглядальнік Уладзімір Рыжкоў, лідэр «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў, былы палітвязень Аляксандр Казулін, былы прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір, экс-міністр знешнеэканамічных сувязей Міхаіл Марыніч, эканаміст, былы першы намеснік старшыні праўлення Цэнтральнага банка Расеі Сяргей Алексашанка, член федэральнай палітрады Аб’яднага дэмакратычнага руху «Салідарнасць» Уладзімір Мілаў, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка, дырэктар палітычных праграм Савета па знешняй і абароннай палітыцы Андрэй Фёдараў, выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Яраслаў Раманчук, кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка, сустаршыня партыі «Правая справа» Леанід Гозман, член бюро федэральнай палітрады Аб’яднага грамадсага руху «Салідарнасць» Ілля Яшын, старшыня аргкамітэта па стварэнні беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Мікалай Статкевіч, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксндр Дабравольскі, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, палітык, былы намстаршыні Урада Расейскай Федэрацыі Барыс Нямцоў (Расея) і дыпламаты.
Удзельнікі канферэнцыі адзначаюць, што правал наменклатурна-алігархічнай мадэлі інтэграцыі паміж Беларуссю і Расеяй не выклікае сумневаў. Без актыўнага ўдзелу грамадзянскай супольнасці ўзаемаадносіны паміж Беларуссю і Расеяй пагражаюць павузіцца да канфліктаў па паліўна-энергетычных рэсурсах, гандлёвага пратэкцыянізму, знешнепалітычных склок і публічнага высвятлення адносін палітыкаў, паведамляе «Белорусский партизан».
Да апошняга моманту захоўвалася інтрыга, ці будзе ўдзельнічаць у канферэнцыі Барыс Нямцоў. Нагадаем, што ў 2002 годзе ён быў дэпартаваны беларускімі ўладамі.
У інтэрв’ю «Радыё Свабода» Барыс Нямцоў заявіў:
«Аляксандр Лукашэнка больш за ўсё нагадвае мне калабка з рускай народнай казкі, які дагэтуль упэўнены, што на яго няма ў свеце лісіцы».
«Гэтым «саюзам» кіруюць два аўтарытарныя лідэры Пуцін і Лукашэнка, якія, да таго ж, адзін аднаго ненавідзяць, -- падкрэсліў Нямцоў. -- Для аднаго і другога галоўнае - утрымацца пры ўладзе».