БелТА: Мядзведзеў паабяцаў Лукашэнку паскорыць працу па стварэнні адзінай СПА
- 28.08.2009, 13:35
Беларускі кіраўнік заявіў, што Расея і Беларусь будуць узмацняць ваенна-палітычнае супрацоўніцтва.
Такую заяву Аляксандр Лукашэнка зрабіў пасля сканчэння перамоў з Дзмітрыем Мядзведзевым у Сочы, паведамляе БелТА.
«Вы памятаеце, што мы ў свой час заключылі пагадненне з Расейскай Федэрацыяй па стварэнні адзінай сістэмы СПА Беларусі і Расеі. Мы вельмі дакладна дамовіліся, што асноўная роля на заходнім накірунку ў сумеснай СПА належыць беларускай СПА, яе трэба мадэрнізаваць, трэба падтрымліваць. Калі наша войска не заходнім накірунку «саюзнай дзяржавы» з’яўляецца асноўнай адзінкай, яе таксама трэба падтрымліваць, перадусім ва ўзбраеннях», - сказаў Лукашэнка.
Ён нагадаў, што на лютаўскім паседжанні Вышэйшага Дзяржсавета было вырашана падпісаць пратакол да дамовы па адзінай СПА. «Шчыра кажучы, усё гэта забуксавала. І я папрасіў прэзідэнта Расейскай Федэрацыі паскорыць гэтую працу. Я знайшоў поўнае паразуменне і падтрымку з яго боку. Дзмітрый Мядзведзеў паабяцаў даць даручэнне міністру абароны Расеі актывізаваць гэты працэс», - адзначыў А.Лукашэнка.
Лукашэнка распавёў, што на сустрэчы быў сур’ёзна абмеркаваны ўвесь комплекс пытанняў, звязаных з ваенна-палітычным супрацоўніцтвам на постсавецкай прасторы.
Ён таксама заявіў, што Беларусь па-ранейшаму застаееца прыхільніцай інтэграцыі на постсавецкай прасторы ва ўсіх сферах.