BE RU EN

Кіраўніцтва Партыі БНФ будуць абіраць спісам

  • 31.08.2009, 12:04

Такую рэкамендацыю для з’езда вынес 29 жніўня Сойм Партыі БНФ.

Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі патлумачыў, што гэта рэкамендацыя прынята з мэтай правядзення адзінай палітыкі партыі.

Зараз Партыя БНФ фактычна падзелена на два лагеры: прыхільнікаў «старой каманды», як называюць цяперашняга старшыню Партыі БНФ Лявона Баршчэўскага і яго каманду, і прыхільнікаў новага курса на чале з намстаршыні Партыі БНФ Аляксеем Янукевічам. Бакі прапаведуюць розныя падыходы па кааліцыйным будаўніцтве і па стратэгіі і тактыцы ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі, паведамляе «Белорусский партизан».

Каб пазбегнуць падобнага падзелу ў будучыні, Сойм Партыі БНФ рэкамендаваў з'езду, які пройдзе ў Менску 5-6 верасня, абіраць кіраўніцтва камандай, або адзіным спісам. На пасаду старшыні ПБНФ прэтэндуюць два намеснікі: Віктар Івашкевіч і Аляксей Янукевіч. Гэта значыць, кожны з іх пры вылучэнні на старшыню прапануе сваю каманду.

І В.Івашкевіч, і А.Янукевіч пагадзіліся з такім падыходам. Аднак існуе варыянт вылучэння і трэцяга прэтэндэнта, таму Сойм змарнаваў шмат часу на ўдакладненне ўсіх дэталяў – на выпадак з’яўлення новых прэтэндэнтаў на старшыню.

Сойм рэкамендаваў сябрам ПБНФ, незалежна ад месца жыхарства, прыязджаць на сходы і вылучацца ў якасці дэлегатаў на з'езд. Апошнія сходы пройдуць 31 жніўня; абраць дэлегатаў застанецца ў Камянцы, Свіслачы, Мядзеле. Увечары 31 жніўня з'явяцца і канчатковыя спісы дэлегатаў з'езду Партыі БНФ.

Апошнія навіны