BE RU EN

Ва Украіне праходзяць акцыі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі (Фота)

  • 7.08.2009, 9:50

Акцыі ў падтрымку арыштаванага актывіста «Маладога фронту» пройдуць у 13 абласцях Украіны.

Арганізатарамі мерапрыемства выступіла ўкраінская моладзевая арганізацыя «Нацыянальны Альянс». Моладзевыя актывісты выстраіліся ў ланцужок на Тэатральнай плошчы з партрэтамі арыштаванага ўдзельніка «Працэсу 14-ці» Арцёма Дубскага. Як адзначае «Радыё Рацыя», маладыя людзі таксама трымалі бел-чырвона-белы сцяг. Акцыя пачалася ў 12:30 і працягвалася паўгадзіны.

«Нацыянальны Альянс» выступіў ініцыятарам правядзення шэрагу пікетаў у падтрымку палітвязня Дубскага, якія пройдуць у 13 абласцях Украіны.

Нагадаем, што актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбыцця пакарання па «справе 14-ці».

«Справа 14-ці» – справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.

За ўдзел у гэтай акцыі 14 моладзевых актывістаў былі прысуджаныя да розных тэрмінаў пазбаўлення і абмежавання волі. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.

Апошнія навіны