Палітвязень Арцём Дубскі можа абвесціць новую галадоўку пратэсту
- 7.08.2009, 14:37
Адміністрацыя Бабруйскага СІЗА №5 прымушала палітвязня распісацца, што ён азнаёміўся з пратаколам судовай справы. Аднак дакументаў яму не паказвалі.
20 жніўня ў Магілёўскім абласным судзе адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі на прысуд Арцёма Дубскага. Пра гэта, як адзначае www.mfront.net, арыштаваны ўдзельнік «Працэсу 14-ці» паведаміў у сваім лісце. Аднак суд можа прайсці без самога Арцёма Дубскага.
«Акрамя таго, што скарга Арцёма будзе разгледжаная 20 жніўня, -- распавядае юрыст «Маладога фронту» Наста Лойка, -- Арцём Дубскі паведаміў, што яму адмовілі ў азнаямленні з пратаколам судовага паседжання. Хаця хадайніцтвы на гэтае азнаямленне пісаў і сам Дубскі, і яго адвакат».
Нягледзячы на гэта, адміністрацыя Бабруйскага СІЗА №5 прымушала палітвязня распісацца, што ён азнаёміўся з пратаколам судовага паседжання. Таму, як паведамляе «Радыё Свабода», днямі Дубскі заявіў, што можа распачаць новую галадоўку.
Нагадаем, што актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі 7 ліпеня быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбыцця пакарання па «справе 14-ці». Пасля суду моладзевы актывіст абвесціў галадоўку ў знак пратэсту супраць дзеянняў адміністрацыі бабруйскага следчага ізалятара. Яго прымушалі напісаць заяву аб пераводзе ў выпраўленчую калонію.
«Справа 14-ці» – справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.
За ўдзел у гэтай акцыі 14 моладзевых актывістаў былі прысуджаныя да розных тэрмінаў пазбаўлення і абмежавання волі. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.