Міліцыя канфіскавала новы раман Паўла Севярынца
- 14.09.2009, 11:51
Рукапіс канфіскавалі з кватэры моладзевага актывіста падчас ператрусу.
Як паведамляе «Наша Ніва», гэта адбылося 6 верасня. У гэты дзень сустаршыня партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» аддаў рукапіс раману сакратару партыі Дзянісу Садоўскому, каб той адксеракапіяваў твор.
Садоўскі перадаў больш за 700 аркушаў раману свайму сябру. На кватэры, якую здымаў сябра Садоўскага, і адбыўся ператрус.
Праводзілі яго супрацоўнікі міліцыі Цэнтральнага раёну сталіцы, прысутнічалі і супрацоўнікі КДБ. Гаспадару кватэры пакінулі толькі пратакол аб правядзенні ператрусу, але нават не пакінулі спіс канфіскаванага.
«Я у шоку, — сказаў Севярынец. — Ні з чым падобным раней не сутыкаўся. Гэта быў мастацкі твор пра Беларусь пад працоўным назовам «Сэрца святла». Вось цяпер супрацоўнікі спецслужбаў будуць яго першымі чытачамі».
Севярынец спадзяецца вярнуць раман. Ён ужо накіраваў скаргу ў РУУС і пракуратуру Цэнтральнага раёну.