Палкоўнік Полудзень лічыць, што выбачацца няма за што
- 19.09.2009, 17:25
Жорсткія разгоны мірных акцыяў апазіцыі беларуская міліцыя называе «канструктыўнымі стасункамі».
Беларуская міліцыя мае намер быць больш дэмакратычнай. Пра гэта сказаў намеснік міністра ўнутраных справаў — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі палкоўнік Яўген Полудзень, адказваючы на пытанне «Народнай волі» у межах семінара «Дэмакратычныя асновы паліцэйскай дзейнасці», які днямі адбыўся на базе Акадэміі МУС.
Напярэдадні семінара на сайце МУС паведамілі: «Асноўная мэта мерапрыемства — вызначэнне канкрэтных дзеянняў па ўкараненні ў Рэспубліцы Беларусь, дзяржавах Усходняй Еўропы і краінах Закаўказзя перадавых метадаў працы праваахоўных органаў Еўрапейскага Звяза, прыведзеных у выдадзеным АБСЕ дапаможніку «Кіраўніцтва па дэмакратычных асновах паліцэйскай дзейнасці».
Як вядома, беларуская міліцыя славіцца сваім асаблівым «дэмакратызмам».
У гісторыі назаўжды застанецца ганебны выпадак, калі ў раёне ГУМа падчас зачысткі прасторы ад удзельнікаў нейкі пратэстнай акцыі быў затрыманы навучэнец аднаго з менскіх ПТВ, які, як сцвярджала міліцыя, лаяўся матам і выкрыкваў антыпрэзідэнцкія лозунгі. Але на судзе нечакана высветлілася, што гэты чалавек ад нараджэння... глуханямы...
Ці іншы шакавальны выпадак: на Кастрычніцкай плошчы супрацоўнік АМАПа ударыў у твар Святлану Завадскую — удаву гвалтоўна выкрадзенага тэлеаператара ГРТ. Перад Святланай нават не выбачыліся! Наадварот, у адным з судовых паседжанняў нават прагучала, што гэта яна, такая нягодніца, напала на амапаўцаў, а яны, бедныя, усяго толькі абараняліся...
За празмерную стараннасць у разгоне мірных дэманстрацыяў былому камандзіру Палка міліцыі спецыяльнага прызначэння Юрыю Падабеду быў забаронены ўезд у краіны Еўразвяза.
Некалькі дзён таму ў Менску зноў жорстка разагналі акцыю пратэсту супраць уводу расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі...
Можа, перад тым як перайсці на цывілізаваныя метады працы (хаця ў гэта, шчыра кажучы, з цяжкасцю верыцца), міліцэйскім начальнікам трэба хаця б выбачыцца перад тымі, хто пацярпеў падчас жорсткіх разгонаў?
Аднак Яўген Полудзень, падобна, лічыць, што выбачацца няма за што.
«Мы дзейнічаем у адпаведнасці з дзейсным заканадаўствам, — сказаў ён «Народнай Волі». — На жаль, у некаторых грамадзянаў, якія прыходзяць на несанкцыянаваныя мерапрыемствы, адсутнічае пачуццё і веданне закона. Свае правы яны ведаюць, а вось абавязкі — катэгарычна адмаўляюцца выконваць... У адрас супрацоўнікаў органаў унутраных справаў часцяком паступаюць неабгрунтаваныя і прадузятыя абвінавачванні. Хаця мы па кожным факце, нават ананімным, праводзім праверкі. Калі ўзнікае неабходнасць затрымання грамадзяніна, дык культурна, ветліва, без ужывання фізічнага гвалту — усё ў межах закона...
У той жа час мы гатовыя да канструктыўных стасункаў і з прэсай, і з прадстаўнікамі апазіцыі...»
Яўген Полудзень адзначыў, што калі ў Менску праводзілі акцыю супраць уводу расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі, ён быў у Нямеччыне.
«Але з таго, пра што мне даклалі, я магу зрабіць выснову, што з боку органаў унутраных справаў не было дапушчана парушэнняў, — сказаў палкоўнік. — А вось з боку асобаў, якія праводзілі несанкцыянаванае мерапрыемства... Супрацоўнікі органаў унутраных справаў неаднаразова папярэджваюць пра тое, што грамадзяне парушаюць заканадаўства, што акцыя несанкцыянаваная, а пасля гэтага ўжо ўжываюцца адпаведныя дзеянні, каб прадухіліць мерапрыемства...»
На думку Полудня, у Беларусі больш дэмакратычныя шляхі вырашэння пытанняў з удзелам міліцыі, чым у некаторых замежных краінах.
«Мы вывучаем зараз досвед іншых дзяржаваў і ўсё, што прымальна, пераймаем для сябе,— кажа Полудзень. — На шэраг пасадаў у нас прышлі маладыя кіраўнікі, таму...Упэўнены, што літаральна ў самы найбліжэйшы час міліцыя Беларусі стане самай перадавой».
ІНШЫ ПОГЛЯД
Зміцер Бандарэнка, удзельнік шматлікіх акцыяў пратэсту, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» заявіў у інтэрв'ю «Народнай волі»:
— Заявы Полудня — гэта ці свядомая хлусня, ці поўнае няведанне сітуацыі з боку начальніка міліцыі грамадскай бяспекі, — сказаў «Народнай Волі» Зміцер Бандарэнка. — Падчас разгону акцыі супраць уводу расейскіх войскаў я на свае вочы бачыў і на сабе выпрабаваў гуманізм беларускай міліцыі. Падчас разгону акцыі не было папярэджання пра тое, што акцыя несанкцыянаваная. Амапаўцы ў цывільным адразу напалі і сталі збіваць людзей. Затрыманых змясцілі ў аўтобус. Прычым на падобных акцыях часта захопліваюць людзей выпадковых. У аўтобусе мяне білі кулакамі і нагамі. Я бачыў, як здзекаваліся з хлопца: яму надзелі кайданкі, кінулі на падлогу і білі. Білі нейкую дзяўчыну. Я бачыў, як з ўсёй сілы стукнулі кулаком па галаве Віктара Івашкевіча. Прычым з боку гаспадароў аўтобуса ідуць пагрозы забойства і пагрозы згвалтавання ў дачыненні да ўдзельнікаў акцыі — гэта ўжо абсалютная норма. Тое ж самае практычна было і падчас акцыі, прысвечанай 10-годдзю гвалтоўных знікненняў Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Збілі Мікалая Статкевіча. Людзі, якія гэта бачылі, былі ў шоку.
У РУУС затрыманых выстаўляюць каля сцяны і не дазваляюць рухацца. Гэта фактычна катаванне нязручным становішчам. Калі чалавек варушыцца, яго збіваюць.
У Беларусі парушана права людзей на свабоду сходаў. Усе спробы правесці законым чынам пікет асуджаныя на правал. Мы 1 траўня дзеля эксперыменту падавалі заяўку на правядзенне акцыі, прысвечанай Дню салідарнасці і пашырэнню Еўразвяза, на плошчы Бангалор. Забаранілі. Іншы момант: нават калі акцыя дазваляецца, за яе трэба плаціць. Прыкладна да 7 тысячаў даляраў у эквіваленце: за працу міліцыі, хуткай дапамогі і іншых службаў. Калісьці мы праводзілі канцэрт «Джынсавы фэст», было заплачана за электрычнасць, тым не менш падчас канцэрту электрычнасць адключылі...
Пазаўчора на акцыі памяці Ганчара і Красоўскага ўжылі ноў-хаў супраць журналістаў. Ім не давалі здымаць сілавое затрыманне дэманстрантаў. Слава Богу, журналісты зафіксавалі і на відэа, і на фота факты гвалту супраць сябе. Ёсць відэа, калі аднаго карэспандэнта б'юць, штурхаюць, не даюць яму працаваць, калі яму парвалі вопратку. Падчас антываеннай акцыі пашкодзілі камеру акрэдытаванаму журналісту польскага тэлеканала...
Таму, ну што казаць пра Полудня? Гэта верны цэрбер рэжыму — я не баюся гэтых словаў. Чалавек ці некампетэнтны, ці які свядома маніць...