Масавую дактыласкапію ўзаконяць?
- 23.09.2009, 13:35
У «палату прадстаўнікоў» паступілі папраўкі ў закон «Аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі».
Пра гэта ў інтэрв’ю БелаПАН паведаміў старшыня камісіі па нацыянальнай бяспецы Віктар Гумінскі.
Законапраект пашырае спіс грамадзян, якія падпадаюць пад абавязковую дактыласкапічную рэгістрацыю. «Жыццё падказала, што гэта неабходна зрабіць», — падкрэсліў ён.
Разам з тым «дэпутат» адмовіўся канкрэтызаваць палажэнні законапраекта. «Пра гэта мы паведамім пазней», — адзначыў ён.
МУС праводзіць незаконную масавую дактыласкапію грамадзян пасля выбуху самаробнай прылады на скрыжаванні праспектаў Машэрава і Пераможцаў у ноч на 4 ліпеня падчас святочнага канцэрта з нагоды Дня незалежнасці. Тады за медыцынскай дапамогай звярнуліся 54 чалавекі; 47 з іх, у тым ліку двое дзяцей, былі шпіталізаваныя.
Згодна з дзеючым заканадаўствам дактыласкапія з’яўляецца добраахвотнай, за выключэннем шэрагу выпадкаў. Экс-міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў звярнуўся ў Савет бяспекі і Савет міністраў з прапановай унесці папраўкі ў закон аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі, якія дазволяць праводзяць дактыласкапію ўсіх ваеннаабавязаных. Зараз абавязковае дактыласкапаванне мусяць праходзіць грамадзяне, якія прызываюцца на службу. Ініцыятыву Навумава падтрымаў генеральны пракурор Рыгор Васілевіч.