Улады баяцца народных пратэстаў
- 28.09.2009, 14:01
Берасцейскім актывістам дэмакратычных сіл забаранілі правядзенне ўсіх 52 заяўленых пікетаў супраць пагаршэння матэрыяльнага становішча жыхароў рэгіёна.
Акцыі планавалася правесці ў абласным цэнтры 30 верасня. Іх мэта – прыцягнуць увагу грамадскасці і органаў улады да пагаршэння матэрыяльнага становішча насельніцтва, абумоўленага ростам цэн на спажывецкія тавары, зніжэннем пакупніцкай здольнасці і рэальнай зарплаты, а таксама аб’яднаць намаганні грамадзян у барацьбе за свае сацыяльна-эканамічныя правы.
З 52 заявак на правядзенне пікетаў у 47 былі пазначаныя шматлюдныя пляцоўкі Берасця (у буйных гандлёвых аб’ектах) і двары дамоў. Яшчэ пяць акцый планавалася правесці на стыдёне «Лакаматыў» (адзінае месца ў абласным цэнтры, вызначанае гарвыканкамам для такіх мерапрыемстваў), з якіх адна – сумесная. Яе арганізатарамі выступілі гарадскія арганізацыі Партыі камуністаў Беларускай, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Партыі БНФ.
Як паведаміла БелаПАН старшыня гарадской арганізацыі БСДП (Грамада) Ганна Канюс, тым, хто падаваў заяўкі на пікетаванне на вуліцах і ў дварах абласнога цэнтра, гарвыканкамам адмоўлена з матывіроўкай, што для гэтага прадугледжаны стадыён «Лакаматыў». Разам з тым, акцыі на гэтым спартовым аб’екце таксама забароненыя на падставе таго, што там 30 верасня адбудзецца штогадовы традыцыйны турнір па футболе, пры гэтым не пазначаецца час яго правядзення.
«Дадзеныя забароны мы расцэньваем як імкненне ўладаў не дапусціць публічнага выказвання сацыяльных і эканамічных праблем, якія хвалююць многіх берасцейцаў, - заявіла Канюс. – Мы абскардзім адмовы ў судзе, бо лічым іх парушаючымі нашыя правы на мірныя сходы і свабоднае выказванне свайго меркавання».