Тэрмін навучання ў беларускіх вузах можа быць скарочаны на год
- 3.09.2009, 16:43
З такой прапановай выступіў старшыня Пастаяннай камісіі «палаты прадстаўнікоў» па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу Уладзімір Здановіч.
«У апошнія гады замежных студэнтаў, якія навучаюцца ў Беларусі, стала менш. Адна з прычын - доўгае навучанне ў беларускіх вну», - растлумачыў «дэпутат» сёння журналістам на брыфінгу, перадае БелТА.
Уладзімір Здановіч канстатаваў, што беларускае заканадаўства прадугледжвае навучанне ў вышэйшых вучэбных установах краіны ад 4 да 6 год. «Рэктары асобных вну сёння заяўляюць, што могуць пры пераглядзе вучэбных планаў падрыхтаваць спецыялістаў у больш кароткія тэрміны. Мы можам скараціць тэрміны навучання хаця б на адзін год», - сказаў «парламентар». На яго думку, гэта спрыяла б прыцягненню замежных студэнтаў. «З аднаго боку, гэта прэстыж нашай дзяржавы, з іншай - валютныя паступленні. Акрамя таго, гэта наладжванне кантактаў з іншымі краінамі», - лічыць Здановіч.
Норма аб скарачэнні тэрмінаў навучання ў вну магла б быць занесена у праект Кодэкса аб адукацыі Беларусі, які знаходзіцца зараз у «палаце». «Але ўсе гэтыя нюансы будуць абмяркоўвацца пры падрыхтоўцы дакумента да другога чытання. На восеньскай сесіі праект кодэкса «дэпутаты» разгледзяць толькі ў першым чытанні ў аўтарскай рэдакцыі», - паведаміў «парламентар».
Па словах Уладзіміра Здановіча, праект Кодэкса аб адукацыі не прадугледжвае якіх-небудзь рэвалюцыйных рэформаў. «Нам трэба не рэфармаваць сістэму адукацыі, а паступова ўдасканальваць, плаўна, без узрушэнняў», - заявіў «дэпутат».