Беразоўскі дамогся арышту часткі спадчыны Патаркацышвілі
- 11.01.2010, 8:58
Разбіральніцтва датычыцца той часткі маёмасці, на якую прэтэндуе масквічка Вольга Сафонава.
Пра тое, што расейскі алігарх Барыс Беразоўскі дабіўся ў лонданскім судзе выдачы ордэра на арышт часткі маёмасці нябожчыка грузінскага бізнэсмэна Бадры Патаркацышвілі, піша 11 студзеня «Коммерсант». Выданне спасылаецца на артыкул, апублікаваны ў газеце The Sunday Telegraph напярэдадні.
Беразоўскі у гутарцы з «Коммерсантом» адмовіўся каментаваць інфармацыю аб арышце спадчыны, а таксама любыя іншыя паведамленні аб судовых працэсах вакол яго «да рашэння брытанскага суда». Ён толькі пацвердзіў дадзеныя The Sunday Telegraph аб тым, што разбіральніцтвы датычацца той часткі маёмасці, на якую прэтэндуе масквічка Вольга Сафонава.
Сафонава сцвярджае, што была законнай жонкай Патаркацышвілі ад 1997 года. Тым не менш яшчэ ў жніўні 2008 года маскоўскі суд ануляваў гэты шлюб, бо з 1979 года і да дня сваёй смерці Патаркацышвілі быў афіцыйна жанаты з Інай Гудавадзэ, якая таксама прэтэндуе на яго спадчыну.
Пасля смерці Патаркацышвілі, які памёр у лютым 2008 года ад сардэчнага прыступу, Гудавадзе заключыла з Беразоўскім пагадненне, у якім прызнавала яго права на палову спадчыны. Аднак пасля яна адклікала свой подпіс, заявіўшы, што Беразоўскі і Патаркацышвілі, якія былі дзелавымі партнёрамі, падзялілі маёмасць да смерці апошняга.