BE RU EN

Мінгандлю: Беларусы росту коштаў нават і не заўважылі

  • 14.01.2010, 11:06

У Мінгандлю заявілі, што ў падаражэнні прадуктаў у Беларусі ў 2009 годзе быў вінаваты рост курсу даляра, але ніякага «выбуху» не было.

«Глабальнага росту коштаў не было. Ні па адной групе тавараў, у прынцыпе. Прадпрыемствы гандлю былі карэктнымі, нягледзячы на тое, што з 29 кастрычніка 2009 года былі адпушчаныя кошты. На сацыяльна значную групу тавараў была ўсталяваная надбаўка, якая кантралюецца і рэгулюецца - ад 12% да 30%. Калі гэта свініна, дык надбаўка 12%, а калі паўфабрыкат са свініны - дык там можа быць 20%. І гэта лагічна. Але выбуху коштаў мы не ўбачылі», - цытуе намесніцу міністра гандлю Ірыну Наркевіч «Тэлеграф».

Па словах Ірыны Наркевіч, індэкс спажывецкіх коштаў на тавары і паслугі ў снежні 2009 года, у параўнанні з 2008 годам, склаў 109,7%. «У сярэднім кошты выраслі амаль на 10%. Але паказчыкі сапсаваў курс даляра. З-за яго росту павялічыліся кошты на бензін, машыны і аўтазапчасткі. Што і адбілася на агульным паказчыку», - лічыць чыноўніца міністэрства.

Намесніца міністра адзначыла, што ў студзені-лютым 2009 года рост курсу даляра склаў каля 20%. «Беларусы гэтага росту коштаў нават і не заўважылі. У 2009 годзе ў параўнанні з 2008 годам людзі куплялі больш тавараў», - сказала Ірына Наркевіч.

Аднак у міністэрстве гандлю прагназуюць, што і ў 2010 годзе кошты ў крамах не будуць стаяць на месцы. Прадстаўніца мінгандлю адзначыла, што зараз ужываецца гнуткая сістэма гандлёвых надбавак. «Магчыма, будзе яшчэ нязначнае падвышэнне коштаў, але мы павінны ўвайсці ў рынак, павінна быць канкурэнцыя», - заявіла Ірына Наркевіч.

Апошнія навіны