Галіна Лукашэнка атрымала грамату за дзяржаўныя заслугі
- 14.01.2010, 16:33
Афіцыйная жонка беларускага кіраўніка была ўганаравана Ганаровай граматай Савета міністраў.
Адпаведная пастанова падпісана 8 студзеня 2010 года, паведамляе «Народная Воля».
Як адзначана ў дакуменце, Галіна Лукашэнка адзначана за «шматгадовую плённую працу, вялікую грамадскую дзейнасць, значны асабісты ўклад у арганізацыю аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння насельніцтва Шклоўскага раёна».
Шырокай публіцы амаль невядома, чым займаецца маці Віктара і Дзмітрыя Лукашэнкі. Галіна Лукашэнка рэдка з’яўляецца на публіцы.
Жонка кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, з якой апошні дыктатар Еўропы вучыўся яшчэ ў школе, ніколі не ўдзельнічала ў афіцыйных мерапрыемствах, у паездках мужа ні разу не суправаджала, за мяжой ні разу не была - па яе словах, не цягне. Затое час ад часу адпачывае ў Сочы ў санаторыі «Беларусь». З СМІ вядома, што яна жыве ў вёсцы Рыжкавічы і вядзе просты лад жыцця - у брытанскай прэсе ў свой час нават з'явіліся фота, на якіх Галіна Лукашэнка доіць карову. Жанчына мае дваіх сыноў і чацвярых унукаў, аднак шлюб яе з'яўляецца чыстай фармальнасцю, у чым грамадскасць канчаткова пераканалася пасля таго, як летась Аляксандр Лукашэнка прадставіў свету свайго пазашлюбнага пяцігадовага сына Колю.
Адзначым, што Ганаровая грамата Савета міністраў уручаецца за заслугі ў дзяржаўным, гаспадарчым, сацыяльна-культурным будаўніцтве і ўмацаванні абароназдольнасці Беларусі.