BE RU EN

Генадзь Фядыніч: «Змазаць пятлю мылам або мёдам - сутнасць не мяняецца»

  • 14.01.2010, 17:12

У Беларусі зніжаныя стаўкі дзяржпошліны за рэгістрацыю палітычных партый, прафсаюзаў, грамадскіх аб'яднанняў і фондаў.

Стаўка дзяржаўнай пошліны за рэгістрацыю палітычных партый, іх саюзаў (асацыяцый) зніжана з 50 да 20 базавых велічынь, за рэгістрацыю міжнародных і рэспубліканскіх грамадскіх аб'яднанняў, рэспубліканскіх прафесійных саюзаў, іх саюзаў (асацыяцый) - з 25 да 10 базавых велічынь, за рэгістрацыю мясцовых грамадскіх аб'яднанняў, іх саюзаў (асацыяцый) – з да 10 да 5 базавых велічынь, паведамляе «Інтэрфакс».

Юрыст БКДП Алена Еськава, пачуўшы навіну аб зніжэнні дзяржпошліны, засмяялася.

- Мне вельмі «падабаецца», калі нашы кіруючыя органы робяць нейкія крокі і ўсяляк паказваюць, быццам гэта крокі да дэмакратыі, - сказала яна «Салідарнасці». - Летам, напрыклад, яны стварылі правілы, па якім палітычным партыям і прафсаюзам пасля рэгістрацыі не трэба самім звяртацца ў падатковую службу. На справе ж усё засталося так, як і было. Цяпер яны змяншаюць стаўкі, пры гэтым робячы ўсё магчымае, каб партыі проста не рэгістраваць! Да прыкладу, абсалютна незаконна было адмоўлена ў рэгістрацыі Беларускай партыі працы... Вядома, змяншэнне пошлін - гэта добра. Але парадак рэгістрацыі гэта не палегчыць. На працягу доўгага часу наша дзяржава, урад, уносячы ў заканадаўства нейкія касметычныя змены, робіць выгляд, што гэта дэмакратычныя крокі. А сітуацыя застаецца той жа.

- Змазаць пятлю мылам або мёдам - сутнасць ад гэтага не мяняецца, - лічыць старшыня Беларускага прафсаюза працоўных радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч. - Калі б яны змянілі прынцып рэгістрацыі - гэта быў бы зрух для грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый. А тое, што зрабілі зараз, нічога не мяняе! Хіба сума пошліны была калісьці каменем перапоны ў пытаннях рэгістрацыі? Зніжэнне пошлін складана назваць нават касметычным крокам! Гэта зроблена толькі для таго, каб паставіць птушачку.

Апошнія навіны