Дачка прэзідэнта Казахстана набыла вілу ў Жэневе па рэкорднай цане
- 19.01.2010, 12:13
За вілу і ўчастак зямлі плошчай 7960 квадратных метраў на беразе Жэнеўскага возера Дзінара Кулібаева заплаціла 74,4 мільёны швейцарскіх франкаў.
Паводле дадзеных «Нашей газеты», якую цытуе «Інтэрфакс», гэта рэкордная цана для нерухомасці ў раёне Жэневы, а сама сплочаная сума ў чатыры разы перавысіла звычайны кошт участка такой плошчы.
Прадаўцом нерухомасці выступіў расейскі бізнэсмэн Рустам Аксеенка, які набыў гэтую ўласнасць у 2005 годзе за 19 млн. франкаў.
Як піша «Наша газета», 42-гадовая Дзінара Кулібаева – сярэдняя дачка Назарбаева. Часопіс «Форбс» у 2007 годзе ўключыў яе ў рэйтынг самых уплывовых людзей света, па падліках часопіса, капітал яе дасягаў прыблізна $2,1 млрд.
Сёння яна ўзначальвае Фонд адукацыі Нурсултана Назарбаева, які аказвае фінансавую падтрымку адораным студэнтам краіны.
Кулібаева замужам за Цімурам Кулібаевым, намеснікам старшыні дзяржфонду «Самрук-Казына», старшынём савета дырэктараў АТ «Казахстанская кампанія па ўпраўленні электрычнымі сеткамі» (KEGOC).