У самалёт зборнай Беларусі па гандболе патрапіла шаравая маланка
- 19.01.2010, 16:15
Беларускія спартсмены вымушаны затрымацца на Кіпры з-за тэхнічных непаладак самалёта.
Мужчынская зборная Беларусі па гандболе, якая 15-17 студзеня ўдзельнічала ў адборачным турніры чэмпіянату свету-2011 на Кіпры, да гэтага часу не можа вярнуцца дадому, перадае БелаПАН са спасылкай на прэс-службу Беларускай федэрацыі гандбола.
У самалёта, на якім павінны былі ляцець спартсмены па маршруце Ларнака-Вена, вялікія тэхнічныя праблемы. У яго трапіла шаравая маланка, і ў ім былі знойдзены тэхнічныя непаладкі.
Зараз у Ларнаке чакаюць прыбыцця прадстаўніка авіякампаніі, які павінен даць заключэнне аб магчымасці далейшай эксплуатацыі самалёта. Калі барту спатрэбіцца працяглы рамонт, зборнай Беларусі і астатнім пасажырам рэйса дадуць іншы самалёт.