Памочнік Лукашэнкі напісаў заяву аб сыходзе
- 21.01.2010, 10:11
У найбліжэйшыя дні ў беларускага кіраўніка з'явіцца новы памочнік па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму.
Зараз гэтую пасаду займае Генадзь Аляксеенка. Сайт «Мы» распытаў яго пра тое, што стаіць за адстаўкай.
- З гэтай працы самастойна не сыходзяць, - заўважыў чыноўнік. - У нас ёсць каму вырашаць гэтыя пытанні. Мяне спыталі, я напісаў заяву. Пакуль з'ездзім на Алімпіяду, а там будзе відаць. Буду працаваць у НАК, а пасля Алімпійскіх гульняў, пасля сходу, будзе відаць, як і дзе мяне будуць выкарыстоўваць…
Генадзь Аляксеенка кажа, што зусім не засмучаны адстаўкай, якая мае адбыцца:
- Я рыхтаваўся да гэтага прыкладна паўгады таму.
Аляксеенка выдатна ведае, што не ўсе з захапленнем і кампліментамі ўспрымалі яго дзейнасць на пасадзе памочніка прэзідэнта - першага віцэ-старшыні НАК.
- Ну а хто ж будзе хваліць? - перапытвае ён. - Але мне за сваю працу не сорамна.
Хто прыйдзе на змену?
Сярод верагодных прэтэндэнтаў на крэсла, у якім пакуль яшчэ сядзіць Генадзь Аляксеенка, называюць два прозвішчы- дырэктара Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе Сяргея Цяцерына і «дынамаўца» Ігара Заічкава. Прычым Цяцерына ва ўладу народная пагалоска вяртае ўжо не ў першы раз. І кожны раз яму прадказваюць новае месца працы ў вярхах. Але, хутчэй за ўсё, на месца Аляксеенкі будзе прызначаны малавядомы шырокай публіцы Заічкаў. Мяркуецца, што яго прызначэнне адбудзецца ўжо ў гэтую пятніцу.