BE RU EN

У Менску прадаюцца забруджаныя радыяцыяй прадукты

  • 24.01.2010, 12:08

Навукоўцы заяўляюць пра масавыя парушэнні ў сферы гандлю пры рэалізацыі прадуктаў харчавання.

Любая, нават самая малая, доза радыяцыі небяспечная для здароўя. Такое меркаванне выказаў чалец-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, старшыня праўлення сацыяльна-экалагічнага грамадскага аб'яднання «Цэнтр падтрымкі Чарнобыльскіх ініцыятываў» Іван Нікітчанка. Разам з тым у прадстаўнікоў цэнтра ёсць звесткі пра масавыя парушэнні ў сферы гандлю пры рэалізацыі прадуктаў харчавання, паведамляе БелаПАН.

У прыватнасці, паведаміў Нікітчанка, увосень 2009 года кіраўніцтва Заходняга прадуктовага рынка Менска адмовілася даць аб'яднанню інфармацыю пра утрыманне радыёнуклідаў у прадуктах. Паводле звестках навукоўца, толькі ў аднаго прадаўца рынка меўся сертыфікат аб чысціні прадукцыі, якая рэалізуецца.

Падобная сітуацыі паўтарылася на Ракаўскім рынку сталіцы, пацвердзіў сябра праўлення сацыяльна-экалагічнага грамадскага аб'яднання «Цэнтр падтрымкі Чарнобыльскіх ініцыятываў» Сяргей Бахун.

Ён прапанаваў ад імя цэнтра пісьмова запытаць усе найбуйнейшыя прадуктовыя рынкі краіны пра даванне дадзеных аб утрыманні радыяцыі ў прадукцыі, якая рэалізуецца, на падставе Архускай канвенцыі аб доступе да экалагічнай інфармацыі. «У адваротным выпадку варта звяртацца ў суд», — заявіў Бахун.

Нікітчанка лічыць, што ў Беларусі неабходна адмовіцца ад дапушчальных узроўняў утрымання радыёнуклідаў у харчовых прадуктах.

Ён адзначыў, што ў 2009 годзе з-за пазіцыі дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі прэзідэнта ў цэнтра не атрымалася рэалізаваць праект «Інфармацыйная падтрымка насельніцтва, якое пражывае на забруджаных тэрыторыях з улікам рэгіянальных умоваў». Цэнтру падтрымкі Чарнобыльскіх ініцыятываў было адмоўлена ў рэгістрацыі пілотнага праекту па вырошчванні чыстых ад радыёнуклідаў сельскагаспадарчых культураў і забеспячэнні радыяцыйнай абароны насельніцтва Беларусі. Прычым, як падкрэсліў Нікітчанка, без усялякай матывацыі.

Навуковец таксама нагадаў пра свой зварот да Аляксандра Лукашэнкі 23 кастрычніка 2009 года, у якім ён прапанаваў перагледзець канцэпцыю бяспечнага пражывання насельніцтва на постчарнобыльскіх тэрыторыях, «паколькі цяперашнія нарматывы гарантуюць атрыманне людзьмі рознай па ўзроўні паглынутай дозы радыяцыі». Аднак адказу на зварот не было.

Сакратар прэзідыюма Беларускага камітэта «Дзеці Чарнобыля» Тамара Белавокая звярнула ўвагу на тое, што за апошнія шэсць гадоў у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека ў Гомелі не было абаронена ніводнай кандыдацкай і доктарскай дысертацыі па постчарнобыльскай тэматыцы. Гэта, лічыць Белавокая, сведчыць пра вастрыню праблемы навуковага суправаджэння гэтай тэмы.

Апошнія навіны