Старшыня Гарадзенскага аблвыканкама папрасіўся ў адстаўку
- 26.01.2010, 12:22
Лукашэнка задаволіў просьбу Уладзіміра Саўчанкі вызваліць яго ад займанай пасады.
Пра гэта паведамілі агенцтву «Інтэрфакс» у прэс-службе беларускага кіраўніка.
«Старшыня Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Саўчанка падаў на імя кіраўніка дзяржавы заяву з просьбай вызваліць яго ад займанай пасады па стане здароўя, з пераводам на іншую працу, з меншым аб'ёмам задачаў, якія вырашаюцца. Аляксандр Лукашэнка задаволіў яго просьбу і падпісаў адпаведны ўказ», - адзначыў прадстаўнік прэс-службы.
Выкананне абавязкаў старшыні ўскладзенае на першага намесніка старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Івана Жука. Прызначэнне новага кіраўніка Гарадзенскай вобласці будзе праведзенае ў вызначаным парадку ў хуткім часе.
Уладзімір Саўчанка ўзначальваў Гарадзенскі аблвыканкам з 29 сакавіка 2001 года.