BE RU EN

Забаронены наркатычны «Спайс» свабодна прадаюць у Менску

  • 29.01.2010, 16:27

У Беларусь пачалі прывозіць курыльныя сумесі, у якіх забароненыя рэчывы замененыя новымі.

Як паведамляе «Еўрарадыё», каб прызнаць іх наркатычнымі, можа спатрэбіцца некалькі месяцаў.

Курыльныя сумесі ў Беларусі забаранілі з новага года. Але ў Менску іх можна купіць без праблем. Многія сайты з сумесямі закрыліся, а нумары аказаліся недасяжнымі. Аднак з'явіліся новыя інтэрнэт-крамы з новымі «спайсамі». Нумар аднаго з гандляроў вельмі проста знайсці ў інтэрнэце.

- Добры дзень. Ці можна у вас сумесь араматычную набыць? – пацікавіўся журналіст ў гандляра «спайсу».

- Ну, пакуль яшчэ так.

- А «Джа Раш» ёсць?

- «Джа Раш» няма. Ёсць толькі новыя. Старыя ўсе забароненыя, а новыя нармальныя. Яны, у прынцыпе, падобныя да старых. Каштуюць ад 50 да 90 тысяч.

Ва ўпраўленні па наркакантролі Менскай вобласці патлумачылі, што забаранілі не самі сумесі, а хімічныя наркатычныя рэчывы, якія ў іх утрымліваюцца. Калі ў новых «спайсах» забароненых прэпаратаў няма, то… яны дазволеныя.

«Трэба праводзіць экспертызу хімічную, калі ў новых сумесях не будзе прэпаратаў з новага спісу наркотыкаў, тады яны зноў будуць пазбягаць адказнасці. Наркотык — гэта формула хімічная. Калі адну літару ці лічбу выкінуць з гэтай формулы, то ён не будзе з'яўляцца дадзеным забароненым прэпаратам і за гэта не будзе адказнасці», -- сказалі ва ўпраўленні па наркакантролі.

Актыўныя рэчывы ў «спайсах» — гэта не самі травы, з якіх зроблена сумесь, а сінтэтычныя канабіёіды, кажа галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя Аляксей Аляксандраў.

Новыя злучэнні з'яўляюцца ўвесь час. У суседняй Польшчы пасля забароны адных злучэнняў адразу ж з'яўляліся новыя, якіх няма ў спісе.

«Працэс сінтэзу не спыняецца ні на дзень з таго часу, як іх упершыню сінтэзавалі на пачатку ХХ стагоддзя. Калі ж гэтае рэчыва сінтэзуецца і распаўсюджваецца, то яго прыбіраюць з абароту; і калі яго класіфікуюць як псіхатропнае, то пералік абнаўляецца, яго туды ўносяць», -- патлумачыў Аляксей Аляксандраў.

Спіс забароненых сродкаў абнаўляецца, але ўсяго некалькі разоў на год. Таму некаторы час новыя прэпараты будуць заставацца дазволенымі, бо на іх вывучэнне патрэбы час.

Паводле словаў спецыялістаў, «спайс» можа быць яшчэ больш небяспечным за звычайную «траўку». Бо гэта хімічны прэпарат, а не прыродны, і яго ўздзеянне на чалавека слаба вывучанае.

Апошнія навіны