BE RU EN

У лукашэнкаўскіх аграгарадках няма каму жыць

  • 6.01.2010, 13:24

Шырока разрэкламаваныя ў Беларусі аграгарадкі на справе апынуліся пшыкам. Такую выснову зрабіў Камітэт дзяржаўнага кантроля Рэспублікі Беларусь.

Штогод губернатары даюць справаздачу прэзідэнту аб колькасці ўведзеных у строй домікаў у так званых аграгарадках. Дадзеныя лічбы з кожным годам растуць. Здавалася б, трэба толькі цешыцца, але, як высветлілася, домікі будуюцца і… потым стаяць пустымі, паведамляе сайт ods.by.

Як паведамілі ў Магілёўскім абласным упраўленні Камітэта дзяржаўнага кантроля Рэспублікі Беларусь, цягам усяго 2009 года «сістэматычна фіксавалася наяўнасць незаселеных (у тым ліку пустуючых доўгі час) дамоў».

Як адзначаюць кантралёры, цягам мінулага года «лідыраваў» па пустуючых дамах Дрыбінскі раён, «у сельгасарганізацыях якога не былі заселеныя 36 жылых дамоў, прычым некаторыя з іх – больш за тры гады». Крыху лепш сітуацыя ў Глускім і Слаўгардаскім раёнах, дзе пуставалі па 15 жылых дамоў.

Як адначаюць спецыялісты, дадзеныя домікі не вельмі зручныя для пражывання, а каштуюць нятанна. Другой прычынай дадзенай праблемы яны называюць інфраструктурную галечу сельскіх населеных пунктаў, якая пужае моладзь. А старым пераязджаць ў новыя «харомы» няма ніякага сэнсу.

Атрымліваецца замкнёнае кола: з аднаго боку, прымушаюць будаваць гэтыя домікі, а з другога - «здымаюць стружкі» за пустуючую жылплошчу. І гэта не пустыя словы. Толькі за мінулы год, па прапановах УКДК па Магілёўскай вобласці, унесенымі ў аблвыканкам і райвыканкамы, «за несвоечасовае засяленне пабудаванага жылля да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 12 службовых асоб сельскагаспадарчых арганізацый».

Але ніякая пуга не дапаможа, калі засяляць гэтыя домікі няма кім. Так, на канец 2009 года не знайшлі сваіх гаспадароў 129 жылых дамоў у 17 раёнах Магілёўскай вобласці.

Падобная сітуацыя адбываецца і ў іншых абласцях рэспублікі.

Апошнія навіны