Расея не згодная з рашэннем Эканамічнага суда СНД
- 11.10.2010, 15:32
Пасяджэнне Эканамічнага суда СНД перанесена на 19 студзеня 2011 года па просьбе расейскага боку.
Расея не абавязаная ануляваць пошліны на нафтапрадукты, што пастаўляюцца ў Беларусь, заявіў намеснік кіраўніка Мінюста Расеі Васіль Ліхачоў, перадае «Радыё Свабода».
«Гаворка не ідзе пра тое, што суд прыняў рашэнне, якое абавязвае Расею прыпыніць спагнанне гэтай пошліны», - заявіў Ліхачоў.
Ён растлумачыў, што суд Расею не абавязаў, а толькі параіў ёй.
«У РФ як суверэннай дзяржавы (...) ёсць такога роду права, і мы будзем даказваць гэта ў наступным годзе», - паабяцаў Васіль Ліхачоў.
Пасяджэнне Эканамічнага суда СНД перанесена на 19 студзеня 2011 года па просьбе расейскага боку.
8 кастрычніка калегія эканамічнага суда СНД параіла ўраду Расеі і Беларусі разгледзець пытанне аб часовым скасаванні пошлін на нафтапрадукты, што пастаўляюцца з Расеі ў Беларусь.
У Менску калегія Эканамічнага суда вынесла рашэнне, якім было задаволена хадайніцтва беларускага боку.
Беларусь настойвае, што ў адпаведнасці з міждзяржаўным пагадненнем аб свабодным гандлі ні адзін з бакоў не павінен ужываць пошліны. Таму ўведзеную Расеяй у гэтым годзе 1 студзеня экспартную пошліну на нафтахімічную сыравіну, якая пастаўляецца ў Беларусь, Міністэрства юстыцыі лічыць незаконнай.
Паводле падлікаў беларускіх эканамістаў, пры новай формуле паставак страты беларускага бюджэту перавысяць 2 мільярда даляраў.